Да канца ЧС па хакеі імпартнае піва знікае з крамаў Мінска
У Мінску сярод аматараў піва распаўсюджваецца паніка — у крамах з паліц прыбіраюць замежны напой, пакідаючы на толькі прадукцыю айчыннага вытворцы. Прадаўцы спасылаюцца на Мінгандаль, які нібыта забараніў продаж імпартнага пеннага напою.
У шэрагу магазінаў набыць расійскае, украінскае, чэшскае і іншае замежнае піва проста немагчыма — яго месца занялі беларускія гандлёвыя маркі.
Першы «званочак» прагучаў з Барысаўка раёна — у інтэрнэце з’явіўся скрыншот распараджэння за подпісам намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Д.Голубева, у якім чорным па белым паведамляецца аб даручэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, згодна з якім уводзіцца забарона на рэалізацыю піва імпартнай вытворчасці з 8 па 25 мая. «Дазволена рэалізацыя піва, што разліта ў Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў дакуменце.
Пацверджання з афіцыйных крыніц пакуль няма. Аднак у Твітэры мінчане актыўна посцяць фота, як з паліц прыбіраюць імпартнае піва.
Карэспандэнт interfax.by у сераду вечарам пайшоў у бліжэйшыя да дома мінскія крамы за імпартным півам. І ў 21.30-22.00 на ўласныя вочы назіраў, як з паліц у крамах пакуюцца ў скрыні і прыбіраюцца ў падсобныя памяшканні банкі і бутэлькі з півам замежных вытворцаў.
— Бярыце хутчэй! Да канца чэмпіянату свету больш такой магчымасці не будзе! —жартаваў малады грузчык, які непасрэдна ажыццяўляў перанос скрыняў з півам з гандлёвай залі ў бакоўку. — Вунь яшчэ некалькі скрыняў засталося, якія я пакуль не вынес. Бярыце піва з іх, пакуль я папалю. Калі хочаце, прыўздымайце верхнія скрыні, каб зручней было нешта ўзяць знізу.
Дамагчыся праўды на касе віна-гарэлачнага аддзела аднаго супермаркета буйной гандлёвай сеткі было немагчыма.
— Я нічога не ведаю! Мая справа— чэкі прабіваць. Мне што сказалі, то я і раблю, — заявіла прадавачка.
Калі ў крамах пазбаўляцца ад імпартнага піва пачалі хутка і масава, то ў маленькіх кіёсках, размешчаных у пераходах, яшчэ можна было купіць бутэлечку небеларускага піва.
— Мы хочам прадаць рэшту піва. У нас яго не так шмат у параўнанні з крамамі, таму, думаю, вялікай праблемы не будзе, — падзялілася сваімі планамі прадавачка аднаго з такіх шапікаў. — Загаду прыбраць замежнае піва менавіта сёння няма. Ёсць рэкамендацыя Мінгарвыканкама. Але вы ж разумееце, паспрабуй яе не выканаць...
Нагадаем, што ўрад Беларусі з 1 мая ўвёў ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў тэрыторыі Мытнага саюза. Выдаваць ліцэнзіі павінна Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». Узгадняць заявы аб выдачы ліцэнзіі «Белдзяржхарчпрам» будзе пры наяўнасці заключанага паміж ім і вытворцам піва пагаднення аб умовах паставак у Беларусь піва, які ўстанаўлівае мінімальныя цэны на яго.
У Міністэрстве гандлю карэспандэнту TUT.BY паведамілі , што нічога пра дадзеную сітуацыі не чулі і на працягу дня не абмяркоўвалі.
Адзначым, што ў красавіку Лукашэнка раскрытыкаваў стан піўной галіны і запатрабаваў вырашыць усе яе праблемы да канца года.
«Беларуская піўная галіна здае пазіцыі, саступаючы замежным канкурэнтам. Лічу такое становішча спраў недапушчальным! — абураўся Лукашэнка. — А ну паспрабуйце завезці ў ЕС беларускае піва. Вас туды пусцяць? Кажуць, што імпарцёры дэмпінгуюць. У нас што, заканадаўства бракуе, каб гэтаму супрацьстаяць?»
Улады неўзабаве распачалі першачарговыя меры, галоўная мэта якіх — падтрымаць айчынных вытворцаў, якія скардзяцца на павышэнне кошту акцызаў, і абмежаваць пастаўкі імпартнага піва ў краіну. Верагодна, забарона напярэдадні чэмпіянату — яшчэ адна мера, якая стымулюе насельніцтва «купляць беларускае» і прасоўвае айчыннае піва сярод замежнікаў.