Год «хіміі» далі мужчыну за надпіс на плоце з пагрозай супрацоўнікам газеты
Адзін год «хіміі» (абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу) прысудзілі ў чацвер у Мінску 36-гадоваму Юрыю Дрэку за зроблены ім надпіс з пагрозай супрацоўнікам афіцыйнага выдання Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі «СБ. Беларусь сегодня». Мужчына абвінавачваўся ў хуліганстве.
«Суддзя Аляксандр Воўк асудзіў мужчыну на адзін год "хіміі". Менавіта такое пакаранне прасіў для абвінавачанага пракурор», — праінфармавалі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».
Пацярпелымі па справе праходзілі шэсць супрацоўнікаў выдавецкага дома «Беларусь сегодня»: Міхаіл Лябедзік (першы намеснік дырэктара — галоўнага рэдактара), журналісты Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Дзмітрый Крат, Раман Рудзь, а таксама кіраўнік упраўлення матэрыяльнага забеспячэння.
Надпіс быў зроблены 23 верасня мінулага года на плоце па вуліцы Багдана Хмяльніцкага каля офіса лагістычнай фірмы, дзе працаваў падсудны. На думку боку абвінавачання надпіс меў абразлівы характар і ўтрымліваў пагрозу ўжыць гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў выдавецкага дома.
interfax.by