Герояў «Нябеснай Сотні» згадалі ў Мінску

Тры гады мінула ад часу крывавых расстрэлаў на кіеўскім Майдане. Вечар памяці палеглых герояў Рэвалюцыі Годнасці прайшоў у пасольстве Украіны ў Беларусі.

1387114_1.jpg


На пачатку вечара ўсіх прысутных прывітаў часова павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валер Джыгун ды заклікаў згадаць герояў “Нябеснай сотні” хвілінай маўчання. Дыпламат нагадаў, што 20 лютага 2014 пралілося найбольш крыві за час кіеўскага Майдану, але адначасна гэта быў пераломны момант у змаганні ўкраінцаў за сваю свабоду.

valer_dzyhun__2__logo.jpg


“Агулам загінула каля 100 чалавек, — працягвае Валер Джыгун, — Быў сярод іх і беларусМіхась Жызнеўскі. Ён змагаўся не толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Сёння я размаўляў з яго маці, яна акурат вярнулася з Кіева. Акурат зараз Жызнеўскаму было пасмяротна прысвоенае званне Героя Украіны”.

Дыпламат таксама нагадаў, што менавіта 20 лютага 2014, у дзень расстрэлаў, Расія пачала акупацыю Крыма з захопам вайсковых частак ды адміністрацыйных будынкаў. Зараз на паўвостраве працягваюцца рэпрэсіі як супраць украінскіх патрыётаў, так і супраць крымска-татарскай меншасці. Усё гэта — праявы агрэсіі Расійскай імперыі, мяркуе прамоўца.

valer_dzyhun__1__logo.jpg

Валер Джыгун падзякаваў “Беларускаму камітэту салідарнасці з Украінай” за падтрымку пацярпелых цягам вайны ўкраінцаў. Лідар камітэту Ігар Рынкевіч падчас выступу трымаў у руках свечку ды прамовіў супольную малітву. Рынкевіч таксама адзначыў, што яго, як былога адваката, найбольш дзівіць тое, што снайперы, якія растрэльвалі Майдан, дагэтуль не знойдзеныя.

ihar_rynkevicz_logo.jpg

У рамках вечару выступіла таксама кіраўніца аб’яднання “Січ” Валянціна Логвін, зазначыўшы, што найбольшай пашанай для герояў “Нябеснай Сотні” будзе дасягненне мэтаў Рэвалюцыі Годнасці, якая дагэтуль не скончаная. Беларускі паэт і бард Зміцер Захарэвіч прачытаў некалькі сваіх вершаў, напісаных падчас паездкі на фронт у 2015-м, дзе выступаў перад украінскімі байцамі.

nebesna_sotnya.jpg