Гей-скандал яшчэ і ў МУС? Пасаду страціў палкоўнік
Незвычайная гісторыя адбылася ў адным з абласных упраўленняў унутраных спраў.
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад дзвюх крыніц, высокапастаўлены штабны афіцэр аднаго з абласных УУС (дакладную пасаду не называем сыходзячы з этычных меркаванняў) меў амурныя адносіны з іншымі мужчынамі. Нам не ўдалося даведацца, ці былі яны ягонымі падначаленымі.
Версіі аб тым, як пра гэта стала вядома ўпраўленню ўласнай бяспекі і ў чым было парушэнне службовай этыкі, разыходзяцца. Сыходзяцца крыніцы ў адным — з органаў палкоўніку давялося сысці.
Былыя падначаленыя ў тэлефоннай размове пацвердзілі, што гэты чалавек больш у сістэме МУС не працуе. З афіцыйнага сайта яго прозвішча таксама знікла — у адпаведнай графе насупраць пасады пустое месца.
Да прыходу ў міліцыю палкоўнік працаваў у Следчым камітэце.
Адметна таксама, што рэзанансная заява МУС «Яны не пройдуць!», у якой сілавікі раскрытыкавалі пасольства Брытаніі за сцяг ЛГБТ, па часе супала з выяўленым фактам у абласным УУС.
Магчыма, брытанцы проста трапілі «пад гарачую руку» у час, калі ў міністэрстве былі ў шоку ад паводзінаў высокапастаўленага супрацоўніка МУС.
Некалькі дзён таму мы папрасілі прэс-службу гэтага абласнога УУС пацвердзіць ці абвергнуць нашу інфармацыю. Пакуль адказу не атрымалі.
Варта адзначыць, што нестатутныя адносіны сталі прычынай звальнення некалькіх супрацоўнікаў і ў адным з аддзелаў Следчага камітэта.