Гарадок абы-як падрыхтаваны да «Дажынак»
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць выказаў незадаволенасць падрыхтоўкай аб'ектаў да правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014» у Гарадку.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што за два месяцы завяршыць усё будаўніцтва і рэканструкцыю не ўяўляецца магчымым. "На падставе тых матэрыялаў, якія мне кладуцца на стол, я меркаваў, што выкананы большы аб'ём работ. Але лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Шэраг аб'ектаў, на мой погляд, не будзе ўведзены ў эксплуатацыю ва ўстаноўленыя тэрміны. Улады і кіраўніцтва структурных падраздзяленняў запэўніваюць, што ўсё будзе зроблена якасна і ў тэрмін, але засталося два месяцы. Так, гэта летнія месяцы, гэта спрыяльныя кліматычныя ўмовы, але закончанасці і глянцу "Дажынак" пакуль не відаць", - цытуе словы Міхаіла Мясніковіча БЕЛТА.
Прэм'ер падкрэсліў, што, зыходзячы са стану спраў, прынята рашэнне засяродзіць увагу на аб'ектах з высокай ступенню гатоўнасці і ўжо па меры іх завяршэння пераходзіць на іншыя пляцоўкі, а не трымаць Гарадок у такім паўразбураным стане. "Трэба было першапачаткова канцэнтраваць увагу і грошы на тым, што неабходна ў першую чаргу, на тым, што рыхтуецца не проста да "Дажынак", а будзе працаваць для эканомікі Гарадка шмат гадоў. На жаль, размазалі сродкі па многіх аб'ектах, і цяпер трэба выпраўляць становішча", - сказаў прэм'ер.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што рэканструкцыя і будаўніцтва ў Гарадку вядзецца з некалькіх крыніц фінансавання. Рэспубліканскі бюджэт усе планавыя назначэнні выдзяляе, ёсць яшчэ абласны і мясцовы, а таксама спонсарская дапамога. "Спонсарскія сродкі ацэнены аблвыканкамам недзе 250 млрд рублёў. На падставе ускосных прыкмет і адказаў улад я разумею, што гэтых грошай няма або іх на парадак менш", - сказаў на заканчэнне прэм'ер-міністр.