Хапун у Карэлічах: стала вядома, што ў лютым там затрымалі дзясятак чалавек

Як паведамілі праваабаронцы, на пачатку лютага супрацоўнікі Карэліцкага РАУС затрымалі не менш за дзясятак чалавек. У спісе «нядобранадзейных» былі і прыватнікі, і супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў. Ва ўсіх аглядалі тэлефоны, спрабавалі знайсці прычыны, каб завесці адміністрацыйныя справы.

korelichi.jpg

Вядома, што аднаго прадпрымальніка аштрафавалі на 800 рублёў за леташнюю актыўнасць у «экстрэмісцкім чаце», а таксама забралі тэлефон.

23 сакавіка ў першай палове дня ГУБАЗіК на двух чорных бусах затрымаў супрацоўніка прыватнага прадпрыемства «Белтавіс» Віктара Пільжыса. Па словах відавочцаў, байцы АМАПу некаторы час стаялі каля крамы, чакаючы моманту, каб яго затрымаць, як толькі ён з'явіцца ў іх поле зроку.

Ператрусы прайшлі ў маці затрыманага і ў былой жонкі. Паводле інфармацыі крыніц, 25 сакавіка ў Карэлічах Віктару прысудзілі 10 сутак арышту па адміністрацыйным артыкуле. Па якім менавіта — невядома, але ёсць здагадкі, што з-за яго адкрытай грамадзянскай пазіцыі ў сацыяльных сетках.

«Шчыра кажучы, мясцовыя жыхары вельмі запалоханыя. У гэтым раёне і так як выжыць: ні працы нармальнай, ні заробкаў годных. А тут яшчэ да ўсяго іншага страшна цяпер на вуліцу выйсці ці сказаць нешта лішняе. Не думаў, што калі-небудзь мы будзем так баяцца міліцыі», — распавядаюць мясцовыя жыхары.