Гамарджоба, Мінск! Што елі, пілі і танцавалі на першым у Беларусі фестывалі грузінскай культуры?

Учора плошча Свабоды ў Мінску пераўтварылася ў маленькую Грузію. Арганізатары фэсту Тбілісоба падыйшлі да справы з сапраўднай грузінскай гасціннасцю: было шмат ежы, віна і нацыянальнага каларыту.



p9265522.jpg

Тбілісоба ў Грузіі – гэта, у першую чаргу, свята сталіцы — Тбілісі. Яно шырока адзначаецца ўсім горадам і расцягваецца на некалькі фестывальных дзён. А яшчэ ў гэтыя ж дні завяршаецца збор ураджаю, што таксама перарастае ў народнае свята ўсёй краіны. Цяпер гэта фестываль аўтэнтычнай грузінскай культуры з гарачымі танцамі, прыгожымі песнямі, рэкамі віна і найсмачнейшымі стравамі нацыянальнай кухні. Вось ужо некалькі гадоў, як ён выйшаў за межы грузінскай тэрыторыі і ладзіцца ў многіх гарадах свету. Сёлета 11 верасня Тбілісі і Мінск сталі гарадамі-пабрацімамі, і Тбілісоба прыйшла да нас. Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" пабывала на фестывалі.

Акурат перад пачаткам свята зарадзіў лівень, аднак, як ні дзіўна, плошча Свабоды была поўная людзей.  Па перыметры стаяла некалькі палатак, дзе сталічныя рэстараны грузінскай кухні прадавалі свае прысмакі. Народ выстраіваўся да іх у даўжэзныя чэргі, каб набыць лаваш, сапраўдныя грузінскія хачапуры з сырам, разнастайнае печыва, суп харчо, шашлык і шмат чаго іншага. Да палатак было не падступіцца,  сталы пад навесамі акупіравалі людзі з разнастайнай ежай. Забягаючы наперад, скажу, што ўсё гэта багацце амаль дашчэнту размялі ўжо праз дзве гадзіны пасля пачатку фестываля.

eurobelarus.info__files_userfiles_267a4637af4e224de37791c3178966cc.jpeg

“Вельмі смачна, нездарма адстаялі ў чарзе!” —  задаволена падзяліліся ўражаннямі дзве сяброўкі, якія з такім апетытам упляталі свае лавашы, што і ў мяне пацяклі слінкі. Ды і любімыя мной хачапуры вабілі прымальным коштам — 19 500 рублёў за штуку. Аднак неверагодная колькасць людзей ля палатак з ежай адбіла жаданне наносіць удар калорыямі па фігуры, і я адправілася на майстар-клас па прыгатаванні чурчхелы.

Калі вы адпачывалі на Чорным моры, то гэты каўказскі дэсерт вам павінен быць знаёмы: гэткая салодкая “каўбаса” з арэхаў, пакрытых застылым вінаградным сокам.

eurobelarus.info__files_userfiles_96e61470ccbc95fbf9ec4050e546d23a.jpeg

Грузінка, якая давала майстар-клас, ужо падрыхтавала “глазуру”: на электраплітцы ў вялікім казане закіпала густая цёмна-ружовая маса. Усім ахвотным яе шчодра накладвалі ў талеркі для дэгустацыі, можна было пакаштаваць яе і ў застылым выглядзе.

“Гэта буракі такія чырвоныя?” — пацікавілася адна з жанчын, якія шчыльна абступілі палатку з чурчхелай. “Гэта натуральны вінаградны сок, змешаны з кукурузнай мукой і з дабаўленнем пшанічнай мукі”, — цярпліва тлумачыла грузінка. У гэтую ж гарачую масу дадаецца цукар і крыху мёда, і пасля акунаюцца загадзя нанізаныя на нітку арэхі. Вось і ўсё прыгатаванне! Два дні чурчхела сохне, і пасля яе можна есці. Зрэшты, есці можна і адразу, але ж яшчэ не будзе той цягучасці, якая павінна быць у страве. А ўвогуле, раскрывае сакрэт грузінка, чым больш чурчхела сухая, тым яна смачнейшая.

Яшчэ адзін “смачны” майстар-клас праводзіўся перад самым уваходам у ратушу: тут шэф-кухары паказвалі наведвальнікам, як ляпіць хінкалі. Правільна раскатаць кругляшок цеста, пакласці ў яго фарш і замацаваць, каб начынка не выцекла — тая яшчэ навука! Першы хінкалі на майстар-класе зрабіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, які адкрываў свята разам з саветнікам па консульскіх пытаннях Пасольства Грузіі ў Беларусі Цеймуразам Санадзэ.

eurobelarus.info__files_userfiles_1bdbc28ecc5235ca4708f1197b2e1cc0.jpeg

Ежа — гэта добра, але якое ж каўказскае застолле без віна? На свяце яго можна было не толькі пакаштаваць (па 25 тысяч за 150 мл грузінскага віна), але і ўбачыць адзін з этапаў яго прыгатавання: прама на сцэне гледачам паказалі, як топчуць вінаград, каб выціснуць з яго сок для будучага алкагольнага напою.

Цягам усяго дня са сцэны гучала жывая грузінская музыка, выступалі артысты і танцавальныя калектывы, ладзіліся майстар-класы па грузінскіх танцах. Так што кожны мінчук мог адчуць сябе крышачку грузінам.

eurobelarus.info__files_userfiles_099b655b78e5f483ddd7f8615e1d0b67.jpeg

eurobelarus.info__files_userfiles_afe4419c37be50db18603350581fcecd.jpeg

eurobelarus.info__files_userfiles_12a3b8e0fc7e863e67e766ef38c7d0b2.jpeg

eurobelarus.info__files_userfiles_bfae93f045d615bcf8ba6ef7dc5ffb36.jpeg

Грузінская мова ўнікальная тым, што мае свой алфавіт. На Тбілісобе можна было даведацца, як пішацца ваша імя па-грузінску.

eurobelarus.info__files_userfiles_87b75a3f9eaeaa561d82c4fe692e610c.jpeg

Складана сказаць, грузінская гэта кераміка ці беларуская?

eurobelarus.info__files_userfiles_3c7cc5e2dcee6352ae047ec2a7547fe9.jpeg

На Тбілісобе арганізавалі міні-"фотасушку".

eurobelarus.info