«Галоўны фактар змены клімату — не чалавек». 12 тэзаў беларускага кліматолага
Чалавек перабольшвае сваю ролю: натуральныя фактары змены клімату застаюцца галоўнымі... Чалавеку хочацца кіраваць прыродай, але жаданне і рэальнасць — гэта розныя рэчы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра выхад ЗША з Парыжскага пагаднення па клімаце аб супрацьдзеянні глабальнаму пацяпленню. Гэты крок Трампа асудзілі многія палітыкі ў свеце. Супраць выхаду Амерыкі з Парыжскага пагаднення выказаліся кіраўнікі буйных амерыканскіх карпарацый і публічныя асобы.Змена клімату ў свеце працягвае быць адной з самых гарачых тэмаў навуковых дыскусій і спрэчак. Наконт яе няма згоды не толькі сярод палітыкаў, але і саміх навукоўцаў.
У Беларусі адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў у гэтай галіне — акадэмік Уладзімер Логінаў. Ён працаваў у Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі ААН у Жэневе, Стэнфардскім універсітэце ў ЗША, а ў дадзены момант працуе ў Акадэміі навук Беларусі. Логінаў распрацаваў сцэнары змены клімату Беларусі і ацаніў іх наступствы для розных сфераў чалавечай дзейнасці.
“Радыё Свабода” сабрала 12 цытатаў беларускага кліматолага, якія адлюстроўваюць вынікі яго шматгадовай навуковай дзейнасці.
1. На змену клімату ўплывае шмат фактараў: змена параметраў арбіты зямлі, парніковыя газы, дзейнасць чалавека.
2. У сувязі са зменамі арбітальных параметраў Зямлі адбываецца пахаладанне, але яго хуткасць — прыблізна 0,3 градуса Цэльсія за 1000 гадоў.
3. Хуткасць пацяплення за кошт парніковых газаў, або, дакладней пацяплення, якое прыпісваецца парніковым газам, складае прыблізна 0,1 градуса Цэльсія за 10 гадоў.
4. Галоўны парніковы газ — гэта вадзяная пара. Але калі браць уклад вадзяной пары і іншых газаў, то гэта несувымерныя рэчы. Доля вадзяной пары, як мінімум, на парадак большая. Калі параўноўваць іх паводле ўтрыманні ў атмасфэры, то ўтрыманне такога парніковага газу, як СО2 — складае 0,038%; тым часам як вадзяной пары — у сярэднім 0,38%. А ў тропіках нават больш за 1%.
5. Парніковыя газы ўяўляюць сабою глабальную праблему, але іх роля перабольшаная. Гэта шмат каму выгадна. Праблема сама па сабе палітызаваная. У Заходняй Еўропе вельмі высокатэхналагічная вытворчасць, і экалагічна бяспечная. Яны хочуць гэта прадаваць. У Заходняй Еўропе практычна няма вуглевадародных крыніц сыравіны. Ім хочацца быць незалежнымі ад нафты, газу, а ў канчатковым выніку — ад Расіі, Арабскіх Эміратаў, Саудаўскай Аравіі.
6. Велічыню трэндаў тэмпературы ў Беларусі вызначае нават акіян. Вялікія прытокі цяпла ў сістэме Гальфстрым — гэта вялікія станоўчыя трэнды тэмпэратур у асобныя перыяды году. Меншыя прытокі цяпла ў сістэме Гальфстрым — трэнды тэмператур меншыя або роўныя нулю. У лістападзе ці траўні трэнды роўныя нулю, бо акіянічныя плыні прыносяць мінімальны прыток цяпла. Гэта значыць, што велічыню трэндаў тэмпературы мадэлюе акіян.
7. Галоўны фактар, які адказны за змену тэмпературы — гэта прыток сонечнай радыяцыі. Калі б яго не было, усё астатняе — гэта мізер. Сонечная радыяцыя запускае ўсе прыродныя механізмы — цыркуляцыю атмасферы і акіяну, абарот вільгаці, фотасінтэз і г. д.
8. Чалавек можа ўплываць на клімат двума шляхамі: праз спальванне арганічнага паліва, развіццё сельскай гаспадаркі, цэментную прамысловасць, а таксама ў выніку высечкі лясоў. Паколькі пры гэтым памяншаецца паглынанне парніковых газаў.
9. Але дагэтуль натуральныя фактары змены клімату застаюцца галоўнымі. Чалавек перабольшвае сваю ролю. Яму хочацца кіраваць прыродай, але жаданне і рэальнасць — гэта розныя рэчы.
10. Каб уявіць суадносіны сілаў прыроды, трэба ўявіць, што магутнасць аднаго цыклону роўная магутнасці каля тысячы атамных электрастанцый, якія плануюць пабудаваць у Беларусі.
11. Пацяпленне клімату прыводзіць да змяшчэння зоны стэпаў на тэрыторыю Беларусі. Расліны, якіх яшчэ 20–30 гадоў таму не было на Палессі, цяпер цудоўна развіваюцца. Тое самае датычыць і жывёлаў. Яны прызвычаіліся да акрэсленага тэрмічнага рэжыму, і таму перамяшчаюцца ўслед за зменамі клімату. Дзікая прырода будзе на гэта рэагаваць.
12. Чалавек можа ўдзельнічаць у кіраванні прыродай. Але якім бы магутным ён сябе ні адчуваў, натуральны этап развіцця прыроды ён змяніць не ў стане.
www.svaboda.org