Галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалая Казеку не ўключылі ў выязны склад на збор у Фінляндыю
Зборная ў поўным складзе напісала і адправіла ліст міністру спорту і турызму Сяргею Кавальчуку.
Пра гэта паведамляе фонд салідарнасці спартсменаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Як вынікае з ліста, неўключэнне Мікалая Казекі ў выязны склад каманды на збор звязана з праверкай «законнасці атрымання» дзяржаўных узнагарод.
«З улікам апошніх падзей, што адбываюцца з членамі нашага калектыву (звальненне Аляксандры Раманоўскай, адмена выплаты стыпендыі М.І. Казеку, змяншэнне сум выплат усім стыпендыятам каманды), баявога настрою і станоўчых эмоцый у нашым спартыўным жыцці становіцца ўсё менш», — зазначаюць спартсмены.
Яны падкрэсліваюць, наколькі важная роля трэнера ў надыходзячым зборы і просяць уключыць Мікалая Казеку ў спіс на выезд.
Мікалай Казека — бацька беларускага фрыстайлу. Ён яго фактычна стварыў напачатку суверэнітэту, і ён жа па сённяшні дзень застаецца ў фарватары, рухаючы са сваімі выхаванцамі насустрач чарговай Алімпіядзе. У красавіку Мікалаю Іванавічу споўнілася 70 гадоў, але ён захоўвае бадзёрасць, энтузіязм і волю да перамогі.
Сёлета Казека падпісаў адкрыты зварот спартсменаў з нагоды апошніх падзей у краіне.