Галоўнае — пабудаваць. У школу, якую адкрыў Лукашэнка, тэрмінова патрабуюцца настаўнікі

«Тэрмінова патрабуюцца настаўнікі ў ДУА «Сярэдняя школа № 35»», — такая аб’ява з’явілася 5 верасня ў інстаграме пошукавіка вакансій «Праца ў Бабруйску». Гэта тая самая школа, на адкрыцці якой 1 верасня прысутнічаў Лукашэнка.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Згодна з аб’явай, ва ўстанове адукацыі чакаюць настаўнікаў пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры, французскай, англійскай і нямецкай моў, выкладчыкаў фізікі і біялогіі, настаўнікаў музыкі і выяўленчага мастацтва, піша Еўрарадыё.

Еўрарадыё не знайшло кантактнага нумара адміністрацыі — школа, як відаць, яшчэ не абзавялася сайтам, а нумара дырэктара не ведаюць нават у даведачнай гарадскіх тэлефонаў. З пытаннем, чаму ў новай школе не стае настаўнікаў, мы звярнуліся да начальніцы ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алены Лісіцы. Яна адмаўляецца каментаваць сітуацыю, спасылаючыся на тое, што не бачыць пасведчання карэспандэнта.

— І ўвогуле, наколькі правераная ваша інфармацыя? У нас праблем ніякіх няма па сутнасці. Так што на цяперашні момант не адкажу на гэтае пытанне, — сыходзіць ад непасрэднага адказу начальніца ўпраўлення.

eneunnenneu.jpg


Тады мы патэлефанавалі па пазначаным у аб’яве нумары нейкай Наталлі Міхайлаўне. Пытаемся ў яе, якіх яшчэ настаўнікаў не стае ў школе? Але і гэтая жанчына не мае асаблівага жадання размаўляць.

— Мы не даём каментароў. Калі вы бачыце аб’яву, значыць, вы бачыце, якіх настаўнікаў не стае.

Але як будзе праходзіць навучальны працэс без выкладчыкаў?

— Мы не даём ніякіх каментароў.

«Гэта вялікі падарунак і краіне, і гораду, — заявіў Лукашэнка на адкрыцці школы №35. — Мы ж планавалі адкрыць гэтую школу яшчэ толькі ў снежні. Але і будаўнікі, і мясцовыя ўлады вельмі стараліся завяршыць работы менавіта да 1 верасня».

Зыходзячы са спісу вакансій узнікае заканамернае пытанне: а там наогул ёсць хоць нейкія настаўнікі? Напэўна, ёсць. Ва ўсялякім выпадку, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні (так званыя ваенрукі), у аб’яве не значацца.