Напярэдадні візіту Лукашэнкі кіраўнік Еўрасавета абмеркаваў з Пуціным Беларусь

Шарль Мішэль і Уладзімір Пуцін абмеркавалі па тэлефоне сітуацыю ў Афганістане, Беларусі і Украіне. Кіраўнік Еўрасавета ў размове асудзіў выкарыстанне ўладамі ў Мінску мігрантаў у якасці зброі супраць краін ЕС.

59049376_303.jpg


Кіраўнік Еўрапейскага савета Шарль Мішэль у тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным заявіў, што асуджае выкарыстанне ўладамі Беларусі мігрантаў супраць краін ЕС. Гутарка двух палітыкаў адбылася ў сераду, 8 верасня. Як перадае DW, пра яе Мішэль паведаміў у Twitter.

«Абмеркаваў з прэзідэнтам Расіі апошнія падзеі ў Афганістане і іх уплыў на ўвесь рэгіён. ЕС і Расія разам зацікаўлены ў рэгіянальнай стабільнасці», — напісаў кіраўнік Еўрасавета. Паводле яго слоў, прыярытэтам Еўрасаюза з’яўляецца прадухіленне гуманітарнай катастрофы ў Афганістане, барацьба з тэрарызмам і кантрабандай наркотыкаў, а таксама гарантыі захавання правоў чалавека, уключаючы правы жанчын і меншасцяў.

«Я пацвердзіў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і Грузіі. Мы абмяняліся меркаваннямі аб перспектывах армяна-азербайджанскага ўрэгулявання — для гэтага патрэбныя ўмацаванне даверу і дыялог. Я асудзіў выкарыстанне Беларуссю нерэгулярнай міграцыі супраць дзяржаў — чальцоў ЕС», — дадаў Шарль Мішэль.

Раней, 2-3 верасня, міністры замежных спраў краін ЕС на нефармальнай сустрэчы асудзілі «цынічнае выкарыстанне мігрантаў і бежанцаў» рэжымам Лукашэнкі для стварэння ціску на межах Літвы, Латвіі і Польшчы. У Еўрасаюзе заявілі, што працуюць над пятым пакетам санкцый у дачыненні да Беларусі.

Лукашэнка павінен сустрэцца з Пуціным 9 верасня.