Галадоўніца са Слаўгараду пабачылася са зняволеным мужам: «Віны не прызнае»
Жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі галадоўкай пад магілёўскай турмой № 4 дамаглася спаткання з арыштаваным мужам, паведамляе svaboda.org.
Грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі два месяцы ўтрымліваюць у следчым ізалятары праз абвінавачанне ў «захоўванні, ужыванні і распаўсюдзе наркатычных сродкаў».
Дазвол на кароткатэрміновае спатканне інваліду 1 групы Анжаліцы Калатазішвілі выдала слаўгарадская пракуратура 28 верасня пасля двух сутак галадоўкі. У гэты ж дзень яна спыніла акцыю, а 1 кастрычніка пабачылася ў ізалятары з мужам.
Паводле жанчыны, спатканне доўжылася блізу гадзіны. Пасля сустрэчы з мужам, кажа яна, «на душы стала спакойна».
«Муж выглядае няблага, — сказала жанчына, як выйшла з турмы. — Сваёй віны не прызнае. Матэрыялы справы з пракуратуры неўзабаве перададуць у суд. Пакуль я галадала, сказаў муж, яго вазілі ў абласную бальніцу на абследаванне. Па бальніцы вадзілі ў кайданках. Ён здагадаўся, што нешта адбываецца на волі, а потым нехта яму шапнуў, што на свабодзе бунтуе жонка».
Чаму наважылася на галадоўку
Анжаліка пісала мужу двойчы на тыдзень, але ў лістах ад яго не ўбачыла адказаў на свае пытанні. З гэтага яна зрабіла выснову, што яе лісты да мужа не даходзяць, і захацела яго пабачыць.
«Я не прашу гадзіннага спаткання. Мне будзе дастаткова пяці хвілінаў, каб пабачыць, у якім стане мой муж», — тлумачыла яна ля турмы.
Пасля таго, як следчы не дазволіў ёй спаткання, 25 верасня яна абвясціла галадоўку. Пра сваю акцыю паведаміла праз электронную пошту ў Адміністрацыю прэзідэнта, міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў. І 26 верасня прыехала галадаць пад браму следчага ізалятару ў Магілёве.
«Мужа зняволілі праз маё змаганне за справядлівасць»
Анжаліка Калатазішвілі перакананая, што мужа пераследуюць праз яе ўпартасць.
З 2014 году яна дамагаецца ад медыкаў кампенсацыі за шкоду здароўю. Па іх віне, лічыць жанчына, яна стала інвалідам.
Яна сцьвярджае, што праз памылковы анкалагічны дыягназ ёй выдалілі жаночыя органы. Кажа, што мае дакументы, якія пацвярджаюць яе рацыю. Медыкі ж памылковасць дыягназу не прызнаюць. Лячэнне ад няслушнага дыягназу «забіла ныркі», дадае Анжаліка. Яна патрабуе, каб перасадку нырак зрабілі за мяжой, бо не давярае беларускай медыцыне. Ёй жа прапануюць чакаць аперацыі на агульных падставах.
Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Ён грамадзін Грузіі, мае від на жыхарства ў Беларусі. У амбасадзе Грузіі Свабодзе сказалі, што трымаюць на кантролі сітуацыю са зняволеннем грамадзяніна сваёй краіны.