«Хай тут застаецца, можа, здохне». Як памёр Аляксандар Віхор, затрыманы падчас пратэстаў 9 жніўня?
Аляксандар Віхор пасля затрыманьня міліцыяй 9 жніўня 2020-га жывым дадому не вярнуўся. Хлопец, які быў затрыманы разам з ім, прыгадвае: «Той Саша, якога я бачыў, і той, якога забіралі бацькі з моргу, — дзьве вялікія розьніцы. Ён у міліцэйскай машыне, калі я яго апошні раз бачыў, ня быў надта пабіты. Пасьля выявілася, што ў яго шмат пашкоджаньняў, пераломаў...»
Вечарам 9 жніўня 2020 году 25-гадовы Аляксандр Віхор выправіўся на спатканьне з дзяўчынай. Дахаты ён так і не вярнуўся — пасьля «спатканьня» з міліцыяй. Хоць на ягоным целе экспэрты зафіксавалі шматлікія пашкоджаньні, афіцыйная вэрсія сьледчых — «вострае парушэньне сардэчнага рытму».
З Сяргеем Шоманам, які быў разам з Аляксандрам Віхорам 9–11 жніўня 2020 году, паразмаўляла «Св*бода».
«Мне яшчэ пашанцавала — бо я быў сярод першых, каго затрымалі»
На магіле Аляксандра Віхора бацькі паставілі помнік. Штодзень ля помніка жывыя кветкі. Маці штодзень бывае на магіле сына, прыходзяць і іншыя людзі. «Час ня лечыць. Малады, здаровы хлопец не вярнуўся дахаты пасьля затрыманьня міліцыяй! Праўды цяпер не дабіцца. Застаецца пакуль дбаць, каб людзі памяталі пра Сашу», — кажуць сябры Аляксандра.
Сьмерць хлопца мела шырокі грамадзянскі водгук у Гомлі. Аляксандра Віхора хавалі 16 жніўня. Сотні людзей прышлі разьвітацца зь ім. Пасьля пахаваньня ў цэнтры гораду была самая масавая акцыя за час пратэстаў у Гомлі.
Адзін са сьведак таго, што адбывалася з Аляксандрам пасьля затрыманьня, — жыхар Гомля Сяргей Шоман. Ён таксама прайшоў праз затрыманьні, допыты, перасьлед з боку міліцыі. Цяпер Сяргей жыве ў Чарнагорыі. Зьехаў туды пасьля пачатку вайны.
Сяргей добра памятае падзеі таго вечару 9 жніўня. Ён сам быў затрыманы адным з першых.
«Я быў у цэнтры, каля плошчы Леніна. Пераходзіў цераз пешаходны пераход. Дарогу перагарадзіў супрацоўнік АМАП. Я спытаўся, ці можна тут прайсьці. Ён мне дазволіў. Тут праехала машына, пасыгналіла, людзі папляскалі, я таксама. Не пасьпеў азірнуцца — аж той амапавец бяжыць за мной. Так я апынуўся ў спартовай залі Чыгуначнага РАУС», — узгадвае Сяргей.
Ён лічыць, што яму «пашанцавала» — тых, каго затрымлівалі вечарам 9 жніўня, «ня так білі», як тых, каго прывозілі ў спартовую залю 10–11 жніўня.
«Больш за ўсіх "стараўся" міліцыянт Павал, нават свае яго ўціхамірвалі»
Сяргей кажа, што пасьля «дастаўленьня» Аляксандра Віхора ў спартовую залю той паводзіў сябе адэкватна. Затым Аляксандра завозілі на ноч у ізалятар часовага ўтрыманьня. Пасьля суду зноў прывезьлі ў залю.
«Там нас усіх паклалі "мордамі ў падлогу". Хто падымаўся — білі дручкамі. Саша таксама падымаўся, спрабаваў сысьці з залі. Яго вярнулі, агрэлі дручком, паклалі на падлогу. Ён трызьніў, клікаў маці, размаўляў з татам, казаў, што ён памрэ. Затрыманыя прасілі, каб міліцыя ці выклікала "хуткую", ці аказала дапамогу хлопцу — але ніхто не зьвяртаў увагі», — кажа былы жыхар Гомля.
Ён кажа, што больш білі тых, каго затрымалі пазьней — 10–11 жніўня. Людзей паклалі шэрагамі ў спартовай залі, «елачкай», прымушалі, каб галовы адных ляжалі на задніх месцах другіх. «У аднаго затрыманага былі мокрыя штаны. Можа быць, ён абмачыўся. І другі затрыманы не хацеў лажыцца галавой на мачу. Але міліцыянт Павал — ён усім добра запомніўся, самы нахабны быў і жорсткі, пачаў моцна біць гэтага чалавека дручком. Ён крычаў: "Кладзіся, кладзіся!". Біў жорстка, нават іншыя міліцыянты пачалі яго ўціхамірваць: "Паша, досыць, супакойся!"», — узгадвае Сяргей.
Гэты ж міліцыянт Павал канваяваў пазьней Аляксандра Віхора і Сяргея Шомана ў СІЗА.
«Празь яго потым прынамсі два чалавекі селі ў турму. Ён быў на акцыях з гукаўзмацняльнікам і ўпаў там. Абвінавацілі дваіх маладых хлопцаў — нібыта яны ўжылі да яго гвалт, "уранілі" яго там», — удакладніў былы жыхар Гомля.
«Нас павялі ў СІЗА, Сашу пакінулі ў аўтамабілі аднаго»
Затрыманых пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, каб везьці ў СІЗА.
«У аўтамабілі ў Сашы ўжо пачалася натуральная гістэрыка, ён крычаў, намагаўся вырвацца. Яго пасадзілі ў цесны "стакан". Каб Сашу "супакоіць", міліцыянт заліў яго пярцовым газам. Аўтамабіль спыніўся, нават кіроўца пачаў спрачацца з міліцыянтам — для чаго было распыляць газ, ён жа на ўсіх трапіў? Біць ня білі, бо біць было там нязручна, мала месца. Нас забралі, павялі ў СІЗА. Саша застаўся ў аўтамабілі. Адзін зь міліцыянтаў спытаўся: "А з гэтым што рабіць?" Іншы адказаў: "Хай тут застаецца, можа, здохне"», — узгадвае Сяргей.
Больш ён Аляксандра Віхора ня бачыў. Толькі пасьля вызваленьня з «сутак» даведаўся, што хлопец загінуў.
«Той Саша, якога я бачыў, і той, якога забіралі бацькі з моргу, — дзьве вялікія розьніцы. Ён у міліцэйскай машыне, калі я яго апошні раз бачыў, ня быў надта пабіты. Пасьля выявілася, што ў яго шмат пашкоджаньняў, пераломаў. Можа быць, хоць я ня ведаю, яго білі пасьля таго, як нас павялі ў СІЗА. Відаць, вырашылі "правучыць"», — кажа былы жыхар Гомля.
Яго выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыты, калі праводзілі праверку па факце сьмерці. Сяргей кажа, што даў праўдзівыя паказаньні — расказаў усё, што бачыў на ўласныя вочы. Пасьля яго «цягалі», каб ён даў паказаньні на затрыманага праваабаронцу Леаніда Судаленку, які дапамагаў удзельнікам пратэстаў складаць скаргі.
«Сьледчая спрабавала ціснуць на мяне, хацела, каб я даў такія паказаньні, як ёй трэба. Але я адмовіўся, хоць яна мне падсоўвала розныя паперкі. Яна раззлавалася, казала: "Ты мяне задзяўбаў, мы на цябе самога справу завядзём". Але абышлося. Можа, мой анёл-ахоўнік паклапаціўся за мяне, але я застаўся на свабодзе», — кажа Сяргей.
«Калі пачалася вайна — мне было агідна заставацца ў краіне»
Сяргей нарадзіўся ва Ўкраіне. Пасьля пачатку вайны ён зразумеў, што ня можа заставацца ў Беларусі.
«Зьехаць у мяне было некалькі прычын. Адна зь іх — шмат людзей падтрымала вайну. Прычым нават тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году. Мне было агідна заставацца ў краіне. Мне было там кепска. Я перасварыўся з сваякамі, з блізкім сябрам. Як гэта ні сумна, па маіх уражаньнях, добрая палова беларусаў за Лукашэнку і за вайну. Яны ня хочуць жыць па-іншаму. Што я мог зрабіць? Пісаў у сацыяльных сетках допісы супраць вайны. У партызанскім руху я наўрад ці мог бы ўдзельнічаць — пасьля падзеяў 2020 году і так хадзіў па краі», — разважае Сяргей.
Ён паехаў у Грузію, адтуль перабраўся ў Чарнагорыю.
«Там мяне трохі адпусьціла. Знайшоў працу. Краіна мне падабаецца. Ведаеце, нават у цяжкія часы, калі ў мяне не было ані грошай, ані працы, я думаў: "Лепш я тут памру, чым буду вяртацца пры Лукашэнку ў Беларусь". Ён, дарэчы, мо і правільна казаў, што 95% тых, хто зьехаў, хоча вярнуцца. І я хачу вярнуцца. Але хай сябе не падманвае — 95% хочуць вярнуцца ў Беларусь, дзе ня будзе Лукашэнкі. Так і я», — дадаў былы жыхар Гомля.