Google не выдаў беларускім уладам звесткі рахунка карыстальніка

За першае паўгоддзе 2017 года ў кампанію прыйшоў адзін афіцыйны запыт ад беларускіх дзяржаўных органаў, і яго не задаволілі.

google_products_services.png


Зварот тычыўся аднаго ўліковага запісу. Google не стала раскрываць на запыт ніякія звесткі карыстальніка. Кампанія не паказала, для чаго патрэбна была інфармацыя карыстальніка, і аднесла дакумент да катэгорыі «іншыя юрыдычныя запыты», паведамляе tut.by.
«Мы разглядаем кожны атрыманы запыт на адпаведнасць прававым нормам і палітыцы Google, — тлумачаць прадстаўнікі кампаніі. — Калі мы адчуваем, што запыт занадта шырокі і патрабуе занадта шмат інфармацыі, мы імкнемся яго звузіць».
Каб атрымаць ад Google інфармацыю пра карыстальніка, дзяржаўная ўстанова павінна прадставіць прадугледжаны законам дакумент: позву ў суд, пастанову суда або ордэр на ператрус. У залежнасці ад дакумента кампанія можа раскрыць уладам рэгістрацыйныя звесткі карыстальніка, адзнакі часу і IP-адрасы з якіх выконваўся ўваход, а таксама змест лістоў або аплатную інфармацыю.
Улады ЗША за паўгода адправілі ў Google 16 тысяч запытаў на звесткі карыстальнікаў (81% задаволілі), Расіі — 318 запытаў (задаволілі 10%), Польшчы — 448 запытаў (40% задаволілі), Украіны — 7 запытаў (задаволілі 14%).
Беларускія міністэрствы звярталіся ў Google па звесткі карыстальнікаў ўсяго два разы: у першай палове 2016 года і ў першай палове 2017 — і абодва разы атрымалі адмову. Не атрымалася ў афіцыйных асоб і выдаліць відэа з YouTube праз афіцыйны запыт у кампанію ў мінулым годзе.
Паводле «Хартыі'97»