Фрыстайліст Дашчынскі: Байкот Алімпіяды верне ў часы «халоднай вайны»

Напярэдадні Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў зборную Расіі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе–2018. Падстава — сістэматычныя маніпуляцыі ў антыдопінгавай сістэме, паведамляе "Радыё Свабода".

7af26d3d_7982_44da_82b2_7bd0716ff6df_w650_r1_s.jpg

Тым не менш, «чыстым» атлетам у індывідуальным парадку дазволена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пры строгім выкананні пэўных умоваў. Па-першае, у адмысловым статусе «Алімпійскага спартоўца з Расіі». Па-другое, спаборнічаць пад Алімпійскіх сцягам і прымаць Алімпійскі гімн на цырымоніі ўзнагароджання.

Ці варта ўжываць калектыўныя санкцыі за злоўжыванне забароненымі прэпаратамі або яны павінны быць «кропкавымі»? Ці не занадта сурова — караць усіх праз афёры групы зацікаўленых асобаў?

 Аптымальнае выйсце з тупіковай сітуацыі

 Уганараваны беларускі алімпіец, неаднаразовы прызёр Гульняў і чэмпіянатаў свету ў фрыстайле, а цяпер трэнер юніёрскай каманды Беларусі Дзмітры Дашчынскі перакананы, што ў такой складанай сітуацыі МАК прыняў цалкам узважанае рашэнне.

 

Дзмітры Дашчынскі падчас Кубку свету па фрыстайле ў Раўбічах, 2016 год

Дзмітры Дашчынскі падчас Кубку свету па фрыстайле ў Раўбічах, 2016 год

«Не думаю, што вердыкт надта суровы — факты ж мелі месца, — кажа ён. — На мой погляд, знойдзена аптымальнае выйсце з сітуацыі. У бальшыні выпадкаў вінаватыя не самі спартоўцы, а антыдопінгавая лабараторыя ў Маскве. Не ведаю, ці даказана тое, што ўсё прыкрывалася на дзяржаўным узроўні, але магчымасць выступіць усё ж даюць. Проста на нейкі час дыскваліфікуюць Алімпійскі камітэт Расіі. Варыянт, які мусіць задаволіць усіх. Міжнароднаму алімпійскаму камітэту таксама было складана: з аднаго боку, як бы трэба пакараць, з другога — даць шанец выступіць невінаватым. Іншага варыянту, як знайсці залатую сярэдзіну, не заставалася».

Рашэнне наконт удзелу прадстаўнікоў Расіі ў Алімпійскіх гульнях будзе прымацца на найвышэйшым узроўні. Чакаецца, што яго абвесціць прэзідэнт Уладзімір Пуцін пасля абмеркавання з грамадскасцю. Пры гэтым не выключаецца варыянт байкоту гульняў — на знак пратэсту супраць «неадэкватнага сваім размахам калектыўнага пакарання». У такім разе, на думку Дзмітрыя Дашчынскага, сітуацыя толькі пагоршыцца.

«Зразумела, каманда ў любым разе будзе аслабленая, — працягвае спартовец. — Шмат хто паехаць не зможа, нехта адмовіцца. Калі зборная моцная, за яе выступаць лягчэй — адчуваецца і падтрымка, і ўласная роля. Так разумею, што канчатковае рашэнне будзе прымаць нават не Алімпійскі камітэт Расіі, а ўрад, прэзідэнт. Чуў, што могуць байкатаваць, адмовіцца ад удзелу ўвогуле. На мой погляд, абсалютна неразумнае рашэнне, вяртанне да Савецкага Саюзу, „халоднай вайны“. Мы ўжо праходзілі байкоты Алімпіядаў. Палітыкам усё роўна, а спартоўцы тут пры чым? Прэзідэнт МАК Томас Бах выразна даў зразумець: калі ўсё пройдзе паводле прапанаванага сцэнару, то Расія вернецца ў алімпійскую сям’ю, супраца пачнецца з чыстага аркуша».

Алімпійскі сцяг замест трыкалёру

 ​Дзмітры Дашчынскі перакананы, што ў гэтым выпадку расійскім функцыянерам варта адкінуць амбіцыі і пагадзіцца на нейтральны статус, прапанаваны Міжнародным алімпійскім камітэтам. Асабліва гэта тычыцца тых відаў, дзе спартоўцы ніколі не былі заплямленымі допінгавымі гісторыямі.

«Калі, напрыклад, браць наш від, то я больш чым упэўнены, што ніхто нічога забароненага не ўжывае, — катэгарычны Дзьмітрый. — Гэта тая дысцыпліна, дзе стымулятары нічога не вырашаюць, толькі персанальная фізічная і маральная гатовасць. А праз тое, што мелі месца нейкія махінацыі ў лабараторыях, чаму павінны цярпець спартоўцы? Асабліва калі дагэтуль не было ніякіх падазрэнняў да пробаў. Дарэчы, бачыў некалькі каментараў расійскіх прадстаўнікоў, якія пагаджаліся, што рашэнне МАК справядлівае, абвяргаць парушэнні бессэнсоўна. Калі паставіцца да сітуацыі спакойна і з разуменнем, то ўсё ўрэшце наладзіцца. Думаю, такая пазіцыя была б адзіна правільнай. Але пакуль незразумела, што скажа «грамадскасць».

Па звестках Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, больш за тысячу расійскіх спартоўцаў у 30 відах спорту звязаныя са злоўжываннем забароненымі прэпаратамі, фінансаваным дзяржавай.

Маштабнае расследаванне ўжо прывяло да драматычных наступстваў для расійскага спорту. Камісія МАК анулявала вынікі 25 атлетаў — удзельнікаў сочынскай Алімпіяды 2014 года. Расія страціла 11 медалёў і з першага месца ў медальным заліку апусцілася на шостае (Беларусь у медальным заліку восьмая).

Шэраг расійскіх спартоўцаў дыскваліфікаваныя пажыццёва, уключна з былым міністрам спорту Віталем Мутко і ягоным намеснікам Юрыем Нагорных. Алімпійскі камітэт Расіі на няпэўны час выведзены са структуры Міжнароднага алімпійскага камітэту.