Фігуры тыдня: Мечыслаў Грыб, Алесь Бяляцкі, Міхаіл Мясніковіч
Мечыслаў Грыб 28 верасня свае 75-годдзе адсвяткаваў былы спікер Вярхоўнага Савета 13-га склікання Мечыслаў Грыб. Мечыслаў Іванавіч вядомы не толькі як дзяржаўны дзеяч, пад кіраўніцтвам якога была прынятая першая Канстытуцыя Беларусі, але і як выбітны следчы.
У 1985 годзе, стаўшы начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, ён узначаліў расследаванне так званай «Віцебскай справы» аб серыйным маньяку — забойцу Міхасевічы, і давёў гэтую справу да канца: у тым жа годзе забойца 43 жанчын быў арыштаваны.
«Я не працую , таму што працаваць мне не даюць. Ды і ўзрост не той. Пасля сыходу з пасады кіраўніка Вярхоўнага Савета пайшоў у Мінскую калегію адвакатаў. Адпрацаваў толькі 6 месяцаў — пазбавілі ліцэнзіі за тое, што ўдзельнічаў у шэсці, прысвечаным трэцяй гадавіне прыняцця Канстытуцыі. Уладкаваўся выкладчыкам у Інстытут правазнаўства, але і там чытаў лекцыі нядоўга. Улады папярэдзілі кіраўніцтва інстытута, што калі мяне не звольняць, ВНУ закрыюць. Пасля гэтага зразумеў, што нідзе ўладкавацца не змагу, нават на месца простага выкладчыка», — расказваў Грыб.
Але ён усё ж атрымаў Пратакол пасяджэння Камітэта па правах чалавека ААН, у якім кажацца, што яго правы, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 20 Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, былі парушаныя, і ён мае права звярнуцца да ўладаў за вяртаннем ліцэнзіі на занятак адвакацкай дзейнасцю і па кампенсацыю прычыненых яму страт.
Алесь Бяляцкі
Выбітнаму беларускаму праваабаронцу, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніку закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму 25 верасня споўніўся 51 год. Як і мінулы дзень нараджэння, гэты ён сустракае за кратамі.
Нагадаем, праваабаронца быў затрыманы ў Мінску вечарам 4 жніўня 2011 года. У той жа вечар у яго кватэры, на лецішчы і ў офісе цэнтра «Вясна» прайшлі ператрусы. 12 жніўня Бяляцкаму прад’явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для распачатага пераследу стала інфармацыя аб рахунках праваабаронцы ў літоўскім і польскім банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў рамках дамоваў аб прававой дапамозе з Беларуссю.
На замежныя рахункі Бяляцкага паступалі грошы ад міжнародных арганізацый, якія выкарыстоўваліся для аказання дапамогі рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі і іх сем’ям.
У Вільні і Варшаве заявілі, што Мінск злоўжыў механізмам міжнароднай прававой дапамогі для расправы над праваабаронцам. Літва і Польшча папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго родных, а таксама прыпынілі дзеянне пагадненняў аб прававой дапамозе з Беларуссю. Некалькі чыноўнікаў літоўскага Мінюста і польскай Генпракуратуры пазбавіліся сваіх пасадаў.
24 лістапада 2011 года Бяляцкага прысудзілі да 4,5 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Вызвалення Алеся Бяляцкага запатрабавалі ад афіцыйнага Мінска аўтарытэтныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і многіх іншых краін свету.
Міхаіл Мясніковіч
Прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч вырашыў тарпедаваць любімую цацку Пуціна — стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза. «Вымушаны канстатаваць, і я думаю, што мы ў гэтым плане будзем весці дыскусію па парадку дня, што ў цэлым працэс гэты прасоўваецца з цяжкасцямі. Хоць створана 12 працоўных груп калегіі ЕЭК (Еўразійскай эканамічнай камісіі — наднацыянальны орган кіравання), але яснасці пакуль няма па многіх пытаннях», — сказаў прэм’ер на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага савета на ўзроўні кіраўнікоў урадаў у вузкім складзе.
«Прапануецца разгледзець прапанову казахстанскага боку — тое, што тычыцца асабліва інстытуцыйнай часткі. Прапануецца новая структура Саюза (ЕАС). Шчыра кажучы, для нас, можа быць, з-за недахопу інфармацыі, не зусім зразумела, навошта гэта трэба», — сказаў беларускі прэм’ер.
Сапраўды, навошта ЕЭС структура? І так ужо розных «саюзных» бюракратаў зашмат. Так што Мясніковічу можна яшчэ і даць прэмію за барацьбу з бюракратызмам. Хіба што яму яшчэ трэба высунуць ідэю скараціць розныя «саюзныя» органы на 25%.