Фігуранты «Справы патрыётаў» судзяцца з Мінфінам

У Судзе Маскоўскага раёну Мінску пачаўся суд: чацвёра фігурантаў гучнай справы 2017 году патрабуюць кампенсацыі маральнай шкоды — па 100 000 рублёў кожнаму.

Скрыншот з прапагандысцкага фільму «Белы легіён чорных душаў», паказанага БТ

Скрыншот з прапагандысцкага фільму «Белы легіён чорных душаў», паказанага БТ

Судовы пазоў быў скіраваны не да Следчакага Камітэту і не да КДБ, але да Мінфіну. Чаму? Бо толькі гэтая інстанцыя можа задаволіць патрабаванні аб выплаце маральнай шкоды. Тым больш, усе папярэднія скаргі ў СК і КДБ на працягу ўсёй гісторыі са «Справай патрыётаў» ніякага плёну не прынеслі.
Судзіцца вырашылі далёка не ўсе, а толькі чатыры фігуранты: Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Мароз. Усе яны былі прысутныя на першым паседжанні.
Нагадаем, што фігуранты справы правялі ў сярэднім па тры месяцы за кратамі, у СІЗА КДБ ды МУС з канца сакавіка па канец чэрвеня 2017 году. Іх справу на хвалі пратэстнай вясны спачатку кваліцікавалі па арт. 293 (падрыхтоўка масавых беспарадкаў), пасля — па арт. 287 (узброеная арганізацыя). Потым абвінавачванне пачало развальвацца, фігурантаў выпусцілі, а саму справу спынілі 27 лістапада мінулага году.
Але што рабіць са шкодай здароўю, нервам, маёмасці і рэпутацыі фігурантаў? Напрыклад, у кватэры Віктара Данілава былі выламаныя дзверы, хоць ключы знаходзіліся у кішэні самога Данілава, затрыманага папярэдне. На момант штурму ў памяшканні знаходзіліся ягоная дзяўчына, маці ды старэнькая бабуля (апошняя моцна знервавалася і зусім нядаўна памерла).
Іншага фігуранта, Андрэя Дундукова, затрымлівалі на мяжы з Украінай 21 сакавіка 2017-га, разам з сям'ёй ён ехаў у адпачынак. Маленькі сын Дундукова, Міраслаў, пасля баяўся доўгі час выходзіць на двор, каб яго не «забралі»... У дадатак да ўсяго — гэта месяцы здзекаў, зламаныя кар'еры, так і не вернутыя рэчы, канфіскаваныя падчас вобшуку. З усім гэтым фігуранты справы скіраваліся ў суд.

cam07810_logo.jpg


Лінія абароны, то бок прадстаўніка Мінфіну, зводзіцца да таго, што прыцягваць да адказнасці трэба ўсё ж такі КДБ ды СК, а сам факт «незаконнасці дзеянняў» службоўцаў наогул нікім не даказаны... Яшчэ адказчык дадае, маўляў, суму кампенсацыі мае вызначаць суд, а не ісцец.
Гэта толькі першае паседжанне па справе, падчас якога суд выслухаў абодва бакі. Наступны раўнд мае адбыцца 3 красавіка а 14.30 у тым жа Маскоўскім судзе.