«Фабрыка несвабоды»: Як дзяржава атрымлівае выгаду з вялікай колькасці зняволеных?
За апошнія 30 гадоў у нашай краіне з пазбаўленнем або абмежаваннем волі сутыкнуліся каля 900 тысяч чалавек — гэта практычна кожны дзесяты! «Сумленныя людзі» выпусцілі на YouTube фільм «Фабрыка несвабоды».
Цяпер у Беларусі з 32 000 зняволеных не менш 20 000 прымушаюць да працы. Гэта робіць Дэпартамент выканання пакарання МУС — другое найбуйнейшае прадпрыемства па колькасці работнікаў у краіне. І ніхто не застрахаваны ад таго, каб стаць іх новым супрацоўнікам і застацца там на вельмі працяглы час
«Фабрыка несвабоды» — фільм ініцыятывы «Сумленныя людзі». У стужцы прадстаўлены меркаванні вопытных экспертак і гісторыі некалькіх герояў і гераінь, сярод якіх ёсць як палітычныя, так і непалітычныя зняволеныя.
Фільм раскажа, што за апошнія 30 гадоў, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, кожны дзясяты грамадзянін Беларусі аказваўся ў месцах несвабоды. А яшчэ гледачы даведаюцца аб прымусовай працы зняволеных, якім плацяць цыгарэтамі і гарбатай.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Гарбунова распавяла пра фільм афіцыйнаму каналу Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
— Падумаць толькі, з больш як 32 тысяч зняволеных у Беларусі ад 20 да 27 тысяч занятыя прымусовай працай! — кажа Вольга Гарбунова. — Шыццём уніформы «Еўраопта», вырабам дзіцячых ложкаў, апрацоўкай металу і бурштыну і шмат чым іншым.
Вам калі-небудзь прыходзіла ў галаву, што так званы Дэпартамент выканання пакаранняў Беларусі — найбуйнейшае ў краіне прамысловае прадпрыемства?
Аўтары фільма яшчэ раз даказваюць: пры цяперашняй уладзе і ў гэтай сістэме сесці ў турму можа кожны, пры гэтым выйсці з яе вельмі складана. І яшчэ складаней – не вярнуцца за коаты зноў.
Ад гісторый былых зняволеных сціскаецца сэрца.
Былыя вязні спрабуюць адаптавацца пасля выхаду на волю. Іх не бяруць на працу. І нават тыя, хто ўладкоўваецца і атрымлівае падтрымку, сутыкаюцца з рызыкай зноў аказацца на дне, часта з-за алкаголю. І не таму, што з імі нешта не так, а з-за адсутнасці рэальных магчымасцей для рэабілітацыі.
Праўда шакіруе: дзяржава атрымлівае выгаду з вялікай колькасці зняволеных. Гэты бізнес кіруецца Дэпартаментам выканання пакаранняў, сайт якога, як дэманструюць аўтары, больш нагадвае анлайн-гіпермаркет. І ў ім можна купіць усё: ад мэблі і камплектуючых для тэхнікі да ежы і абутку. І ўсё гэта – вынік прымусовай працы зняволеных.
Я вельмі ўдзячная аўтарам фільма. Дзякуючы яму, аб тым, пра што мы гаворым на кожнай сустрэчы з замежнымі партнёрамі, можа даведацца шмат беларусаў і беларусак. І я спадзяюся, што ён паслужыць штуршком да больш рашучых дзеянняў міжнароднай супольнасці па вызваленні палітзняволеных Беларусі.