Эпік фэйл. Лукашэнка адправіў чыноўнікаў па дэталі на закрыты завод-банкрут

Кіраўнік Беларусі чарговы раз сеў у лужыну. Ён хацеў паказаць, як крута разбіраецца ў прамысловасці, але атрымалася, як заўсёды.

752895fad051ca5fc7cf1823e59aeb9b.jpg

«Калі мы 16 тысяч можам прадаць сёння, а ён («Магілёўліфтмаш») можа вырабіць толькі 14 тысяч — ну дзве тысячы трэба памерці, але вырабіць. Няхай бы ён рабіў асноўныя дэталі, а недзе гнуць, паяць і варыць — ну «Строммаш» ці яшчэ нехта», — павучае ён 10 ліпеня.

Але «Строммаш» ужо не будзе нічога гнуць, паяць і варыць. Завод — банкрут, знакаміты тым, што на ім уводзіўся працоўны дзень працягласцю ў адну гадзіну, за даўгі яго маёмасць выстаўлена на продаж, а ліквідацыя мусіць завяршыцца да 1 кастрычніка.

Дарэчы, і банкруцтва, і ліквідацыя «Строммаша» былі «на кантролі» ў Лукашэнкі.

Глядзіце таксама

Увогуле, як адзначаюць СМІ, у Лукашэнкі заўсёды адны прэтэнзіі і аднолькавыя спосабы вырашэння ўсіх праблем.

«Тры правалы ў цябе па вобласці, — распякаў Лукашэнка падчас візіту ў Магілёўскую вобласць старшыню аблвыканкама Анатоля Ісачанку. Самае дзіўнае, у цябе ж і прамысловасць правальваецца».

Свой візіт 10 ліпеня на Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання кіраўнік пачаў з традыцыйнага патрабавання навесці парадак. Як паведаміла прэс-служба, нагляд за «парадкам» Лукашэнкі пачаўся з борта верталёта па дарозе на прадпрыемства. І ўбачанае яму не спадабалася.

«Вы самі сябе губіце гэтай захламленасцю, — заявіў Лукашэнка. — Наводзьце парадак. Каб на працягу года ўсё было прыведзена ў адпаведнасць. Мабілізуйце людзей, навядзіце парадак».

Акрамя парадку, Лукашэнка звярнуўся да другой сваёй любімай тэмы — дысцыпліны.

«Дысцыпліна павінна быць жалезабетонная. Адсутнасць дысцыпліны — гэта правал. Правал — гэта вайна. Усё пачынаецца з эканомікі», — мудра заўважыў кіраўнік.

Свае мудрыя назіранні Аляксандр Рыгоравіч вядзе даўно. У снежні мінулага года, даючы пажаданне толькі што прызначанаму першаму намесніку старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргею Савіцкаму, кіраўнік таксама «нечакана» ўспомніў, што з дысцыплінай на Магілёўшчыне «нешта не так» і мудра запатрабаваў «навесці парадак».

«На гарачую патэльню сядаеце. Вы гэта выдатна ведаеце, — папярэджваў тады Савіцкага Лукашэнка. — Магілёўская вобласць валодае каласальнымі магчымасцямі. Там якраз пояс сельскагаспадарчых зямель, адкуль мы павінны атрымаць добрыя ўраджаі... Там не хапае дысцыпліны. Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка) там са старшынёй аблвыканкама ніяк не могуць (ён адказны) навесці парадак. Усё ляжа на вашы плечы».

І вось прайшло паўгода, і высвятляецца, што ні Ігар Пятровіч (Сергяенка), ні Анатоль Міхайлавіч (Ісачанка), ні Сяргей Канстанцінавіч (Савіцкі) парадку з дысцыплінай навесці ў Магілёўскай вобласці не змаглі. 

У сувязі з чым закрадваюцца дзіўныя падазрэнні, што ў выканкамах акапаліся бязладныя гарэзы, якія (каго ні пастаў) толькі і думаюць, як мацней не паслухацца кіраўніка і што-небудзь праваліць. Хоць нешта падказвае, што справа не зусім у іх.

Паводле «Салідарнасці», «Еўрарадыё».