Эксперт: падчас параду Расія адпрацоўвае перакідванне войскаў у Беларусь
«Іскандэры», «С-400», стратэгічныя бамбавікі «ТУ-95», дальнія ракетаносцы-бамбавікі «ТУ-22М3» — Расія ўжо другі год накіроўвае на парад у Мінск сваю вайсковую тэхніку. «Гэта не толькі дэманстрацыя сілы, але і адпрацоўка перакідвання ў Беларусь расійскіх частак і падраздзяленняў, — лічыць вайсковы эксперт Аляксандар Алесін. — Да ўкраінскіх падзеяў такога не было».
Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ў сёлетнім парадзе возьме ўдзел «рэкордная колькасць расійскай тэхнікі».
Для ўдзелу ў сёлетнім парадзе 9 мая Расія, сярод іншага, накіравала ў Мінск вайскоўцаў 234-га Гвардзейскага Чарнаморскага дэсантна-штурмавога палка імя Аляксандра Неўскага і 76-й Гвардзейскай Чарнігаўскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Вайскоўцы абодвух фармаванняў удзельнічалі ў першай і другой чачэнскіх войнах. А так званыя «пскоўскія дэсантнікі» з 76-й дывізіі ў 2014-м выконвалі «спецыяльныя заданні» ў Крыме.
У жніўні 2014 года Служба бяспекі Украіны заявіла, што «пскоўскія дэсантнікі» знаходзяцца ў Луганскай вобласці. Расійскія СМІ паведамлялі, што на працягу баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны 1-я рота 76-й пскоўскай дывізіі была цалкам знішчаная. Журналісты нават знайшлі таямнічыя пахаванні на пскоўскіх могілках. Пракуратура Расіі называла гібель «пскоўскіх дэсантнікаў» дзяржаўнай таямніцай і паведаміла, што яны загінулі «не ў месцах пастаяннай дыслакацыі».
Вайсковы эксперт Аляксандар Алесін кажа, што ва ўдзеле вайскоўцаў паветрана-дэсантных войскаў у парадзе не варта шукаць нечага надзвычайнага.
«Любыя часткі і падраздзяленні «засвечаныя» ў нейкіх канфліктах, — кажа ён. — Паветрана-дэсантныя войскі да нядаўняга часу былі адзінымі баяздольнымі часткамі ў расійскім войску. Гэта так званы «рэзэрв прэзыдэнта». Найбольш падрыхтаваныя, прафесійныя. Па антрапалагічных якасцях — спрэс атлеты. Вядома, кожная краіна хоча паказаць на парадзе годных прадстаўнікоў свайго войска. І нашы дэсантнікі таксама ўдзельнічаюць у парадзе ў Маскве».
Беларусь накіравала ў Маскву вайскоўцаў 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння.
Нашмат важнейшым лічыць Алесін удзел у парадзе расійскай вайсковай тэхнікі. Летась на парадзе 3 ліпеня па мінскіх вуліцах ужо ездзілі расійскія «Іскандэры», «С-400», прысутнічала вялікая група авіяцыі.
«У гэтым годзе — і расійскія танкі, і БТР, стратэгічныя бамбавікі «ТУ-95», дальнія бамбавікі «ТУ-22М3», — пералічвае Алесін.
«Чаму ўжо два гады запар да нас накіроўваецца баявая тэхніка, сярод якой патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі?» — задаецца пытаньнем экспэрт.
Паводле Алесіна, грунтоўная прысутнасць расійскага ўзбраення на мінскім парадзе — гэта дэманстрацыя сілы, выпад у бок НАТА і адказ на вучэнні, якія адбываюцца ў краінах Балтыі.
«Расія паказвае, што ў выпадку абвастрэння сітуацыі з НАТА на беларускія аэрадромы могуць быць перабазаваныя бамбавікі, у тым ліку дальнія. Могуць быць перакінутыя аб’яднанні вайсковай тэхнікі, у тым ліку самай сучаснай, — падводзіць вынік Алесь. — Я б разглядаў гэта як адпрацоўку перакідвання сюды расійскіх частак і падраздзяленняў».
Хто і як прымаў рашэнне, якую расійскую тэхніку накіроўваць на парад у Мінск, высветліць не ўдалося. На гэтае пытанне прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макараў адказаў так: «Нашы стасункі з Расійскай Фэдэрацыяй у вайскова-тэхнічнай сферы адпавядаюць стасункам, якія павінны быць паміж брацкімі народамі. Так было, ёсць і будзе».