Эксперты Беларусі і Літвы пакуль не дамовіліся наконт Астравецкай АЭС

Эксперты Літвы і Беларусі 21 чэрвеня сустрэліся ў  Вільні для абмеркавання рознагалоссяў адносна бяспекі Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая будуецца непадалёк ад дзяржграніцы. Але знайсці паразуменне па шмат якіх пытаннях у іх пакуль не атрымліваецца.

Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

«Зразумела, наш падыход у пэўнай ступені адрозніваецца. Асабліва, што тычыцца ўздзеяння на насельніцтва і Вільнюс. Беларускія калегі некаторыя рэчы бачаць па-іншаму. Розніца ў поглядах фіксуецца, пляцоўка абраная ў непасрэднай блізкасці да нашага самага буйнага гораду. Тут павінны быць прадугледжаны меры бяспекі ў выпадку інцыдэнту. Беларускія калегі на гэта глядзяць прасцей, маўляў, інцыдэнты былі б не такім ужо і вялікімі — прыкладна сярэднімі», — адзначыў радыёстанцыі LRT radijas дырэктар дэпартамента папярэджання забруджванняў Міністэрства навакольнага асяроддзя Віталіюс Аўгліс. Паводле яго слоў, на гэтай двухдзённай кансультацыйнай сустрэчы некаторыя пытанні цяжка вырашыць, паколькі будаўніцтва АЭС моцна прасунулася наперад, піша ru.delfi.
На сайце Міністэрства замежных спраў Літвы адзначаецца, што літоўскія органы просяць даць пацверджаныя даследаваннямі дадзеныя і адказы на пытанні: чаму для будаўніцтва АЭС была абраная пляцоўка ўсяго толькі ў 40 км ад Вільні, чаму не ўлічваецца тое, што органы Літвы ідэнтыфікавалі сур'ёзныя недахопы ў сейсмічных і геалагічных даследаваннях пляцоўкі, якім чынам для астуджэння АЭС будзе выкарыстоўвацца вада ракі Нeрыс і як будзе забяспечана яе бесперапыннае цячэнне (асабліва з улікам таго, што рака знаходзіцца прыкладна на 55-65 метраў ніжэй збудаванняў), як гэта паўплывае на экасістэму і пітную ваду ракі Нeрыс, ці змогуць рэактары АЭС вытрымаць падзенне камерцыйнага самалёта, як будзе забяспечана кампетэнтнасць і незалежнасць беларускага рэгулятара, які ўплыў эксплуатацыя Астравецкай АЭС у нармальных умовах і ў выпадку інцыдэнту можа аказваць на навакольнае асяроддзе і жыхароў Літвы, як будуць ўтылізавацца радыеактыўныя адкіды і выкарыстоўвацца паліва.
Літва ставіць дадзеныя пытанні ўжо 7 гадоў, з таго часу, як у жніўні 2009 г. Беларусь афіцыйна абвясціла аб планах будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі ў сваёй краіне і прадставіла папярэднюю Ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА).
«Яны спрабуюць запэўніць, быццам будуюць бяспечна. Яны імкнуцца запэўніваць і абяцаць, што ўсё будзе добра. (....) Мы хочам, каб гэтыя адзнакі больш улічвалі нашы перасцярогі і магчымыя рызыкі. Іншая праблема заключаецца ў тым, што будаўніцтва не спыняецца. Што яны будуць рабіць, калі МАГАТЭ і міжнародныя місіі скажуць, што нешта трэба мяняць ці прыводзіць у парадак?», — кажа Аўгліс. У сераду, паводле яго слоў, з беларускімі калегамі будуць абмеркаваны сейсмічныя, геалагічныя пытанні, а таксама пытанні забруджання ракі Нерыс і радыелагічнай гатоўнасці.