Эксперт: Жорсткія меры ніяк не стымулююць прыток кадраў у сістэму Лукашэнкі

Улады Беларусі разабраліся, як будуць арганізоўваць праверку звестак пра кандыдатаў на асобныя пасады службоўцаў, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі грамадзянскімі пасадамі. Правяраць будуць не толькі на прыцягненне да крымінальнай, але і адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, праверка павінна паказаць, ці звяртаўся кандыдат на працу за атрыманнем якога-небудзь «замежнага» дакумента — напрыклад, «карты паляка».

Фота з class-tour.com

Фота з class-tour.com

Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Праверку будуць праводзіць органы дзяржбяспекі і ўнутраных спраў.

«У рашэнні, якое прадстаўляецца органамі ўнутраных спраў, таксама паказваюцца звесткі аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў Адзіным дзяржаўным банку дадзеных аб правапарушэннях, у дачыненні да кандыдата на пасаду», — гаворыцца ў дакуменце.

Пазначана, што праверка не павінна займаць больш за месяц, а «тэрмін прыдатнасці» такой даведкі — шэсць месяцаў. Рашэнне аб прыёме на працу будзе прымацца зыходзячы з вынікаў праверкі.

Адразу ўспамінаецца вандроўка Лукашэнкі 1 жніўня ў аграгарадок Белавежскі ў Камянецкім раёне, дзе ён паабяцаў яшчэ раз «вярнуцца да праблемы з картай паляка» і распавёў пра чыноўнікаў з Гародні, у якіх яна ёсць.

«Не хочацца пакрыўдзіць і людзей. Вось я ў Гродне з многімі знаёмы. Яны і ва ўладзе працуюць. Але карта паляка ў іх у кішэні ляжыць. Я кажу: "Мужыкі, ну як так?" — "Аляксандр Рыгоравіч, ды вы не хвалюйцеся, калі трэба — заўтра аддамо". Ну, кажа, усе бралі, мы ўзялі. Там паехаць кудысьці, яшчэ нейкая перавага была. Ну, усе атрымлівалі, кажа, і мы атрымалі. Не хочацца падрэзаць гэтых людзей. Таму мы робім акуратныя крокі», — растлумачыў Лукашэнка.

А пасля гэтага ён зрабіў заяву пра карту паляка, якая нармальна ўспрымалася б у паралельным сусвеце: «Людзі павінны жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадстве. Каб яны выказвалі пазіцыю сваю, нікога не баяліся. У адваротным выпадку навошта такая дзяржава, дзе будуць ціснуць людзей. Таму вельмі важна не перагнуць палку. Гэта не я прыдумаў. Гэта народны выраз».

«У цэлым гэта спроба і жаданне, насуперак дэклараванаму народнаму адзінству і перагортванню старонкі, наадварот, максімальна закукліцца ў вузкай групе сваіх фанатаў. Адпаведна, гэтую групу максімальна звузіць, пакінуць самых лаяльных і самых правераных», — каментуе BGmedia пастанову ўладаў аб праверках беларусаў каардынатар экспертнай сеткі «Наша Меркаванне» Вадзім Мажэйка.

На яго думку, адсюль і страх у тым ліку перад чыноўнікамі з «картамі паляка». Тут ідзе гаворка пра людзей, якія разглядаюць працу ў сістэме Лукашэнкі не як адзіны варыянт у жыцці. Яны як бы думаюць: «А калі што, нядрэнна б карту паляка мець, можа, з'явяцца нейкія іншыя варыянты ў жыцці».

А Лукашэнка хоча ў сябе пакінуць толькі самых лаяльных і правераных, якія, груба кажучы, бачаць два варыянты: або на службу да яго, або смерць. Ніяк інакш.

«Тут паўстае праблема паміж палітычнай і эканамічнай логікамі. З пункту гледжання палітычнай логікі гэта ўсё мае некаторы сэнс. Зразумела, што калі каля цябе знаходзяцца толькі максімальна лаяльныя і адданыя людзі, то гэта, вядома, больш надзейна. Калі што, яны цябе не кінуць, не здарыцца ніякага расколу элітаў і ніякіх ваганняў», — разважае эксперт.

З пункту гледжання эканамічнай логікі гэта, вядома, праблема, таму што кадры губляюцца, чаргі вось такіх суперлаяльных людзей не відаць. Кадраў мала, Лукашэнка сам пра гэта кажа. Адсюль і спробы павялічыць размеркаванне ў навучальных установах.

Таму вось такія жорсткія меры ніяк не стымулююць прыток кадраў у сістэму Лукашэнкі. Хутчэй, наадварот. І ў гэтым сэнсе эканамічныя і палітычныя рэаліі тут супярэчаць адно аднаму.