Беларускі пратэст па-сапраўднаму яшчэ і не пачынаўся
Меркаванне палітычнага аналітыка Пятра Кузняцова.
Усе навіны, так ці інакш датычныя беларускай палітыкі, як паззл, складваюцца ў адну карціну: супрацьстаянне народа і ўлады перайшло ў доўгатэрміновую форму і рэжым у гэтай сітуацыі адчувае сябе вельмі некамфортна, піша Петр Кузняцоў.
Пра тое, што новая ўспышка пратэстаў чакаецца вясной, сёння кажуць, здаецца, усе. Пра гэта кажуць актывісты, каментатары і экспэрты ў СМІ і сацыяльных сетках, пра гэта кажуць і пішуць у расійскіх СМІ, а на мінулым тыдні пра гэта ж загаварыла ўлада вуснамі старшыні КДБ Церцеля. У тым, што сцэнар, які літаральна праграмуецца усімі ўцягнутымі або зацікаўленымі бакамі, абавязкова збудзецца, сумневаў вельмі мала.
Цікава тое, як у гэтай рэальнасці дзейнічаюць улады — некаторыя эпізоды кажуць пра вельмі многае.
Павышэнне шэрагу падаткаў, агучванне і ўкараненне некаторых ініцыятыў па зборы сродкаў, напрыклад, платы за выезд з краіны — вельмі сімптаматычныя з'явы. Няўзброеным поглядам відаць, што нават цяпер, калі ніякіх сур'ёзных санкцый яшчэ няма, эканоміка дыхае, што называецца, на ладан, і рэжым выбірае горшы са шляхоў вырашэння праблем: далей злаваць народ, зніжаючы ўзровень яго жыцця, абы толькі хапіла на сілавікоў і чыноўнікаў.
Сакрэтнае пагадненне «круціцеся, як хочаце, толькі нас не чапайце», існавала ў Беларусі шмат гадоў і людзі «круціліся». Той жа чаўночны прымежны бізнэс літаральна па ўсім перыметры, акрамя ўчастка мяжы з Расеяй, дазваляў нармальна існаваць мноству сем'яў. Аднак цяпер не толькі «не да законаў», але і не да разваг аб высокіх матэрыях: апошнія рашэнні, падобна, кажуць толькі пра тое, што ўлада бярэ на ўзбраенне ў адносінах да ўласнага народу прынцып «памры ты сёння, а я — заўтра». Прынцып, які сыходзіць каранямі ў крымінальную субкультуру.
Становіцца цалкам відавочным, што ніякай прадуманай і паслядоўнай палітыкі па падтрыманні рэсурсаў сістэмы ва ўладаў няма і яны ідуць па шляху самазнішчэння: адбіраць усё, што толькі можна, любымі шляхамі, у людзей. Гэта — логіка адкрытага супрацьстаяння. Калі не вырашаць эканамічныя праблемы, палітычныя будуць толькі памнажацца. Ні летам, ні восенню, ні вясной да ўсенароднага бунту так і не дайшло ў тым ліку і таму, што пераважная большасць пабаялася страціць працу. Па гэтай прычыне, напрыклад, не здарылася агульнанацыянальная забастоўка. Калі ж улада, замест таго, каб вырашаць праблемы, будзе працягваць эканамічна душыць грамадзян, фінал у гэтага можа быць толькі адзін.
Трохі з іншай оперы. Той жа Церцель на «Гродна Азоце» сказаў найцікавейшую рэч, якая шмат кажа пра тое, што ў галовах у тых, хто сёння прадстаўляе ўладу. А менавіта, гаворка ідзе пра словы аб гатоўнасці да адбіцця «інтэрвенцыі пад выглядам гуманітарнай місіі» летам і аб падрыхтоўцы да «гарачай вайны пад выглядам гуманітарнай апэрацыі» ў будучыні, магчыма, вясной.
У кагосьці ёсць ілюзіі, што нейкая краіна, акрамя Расеі, можа вырашыцца ажыццяўляць тут «гуманітарную місію», супраць якой трэба будзе змагацца, як супраць інтэрвенцыі? На фоне таго, пад якімі сцягамі ўлада праводзіла прэзідэнцкую кампанію і хто разглядаўся ў ёй, як галоўны вораг, гэта кажа толькі аб тым, што самай вялікай «падлянкі» ў Мінску чакаюць менавіта з Усходу. Гэта значыць, знаходзяцца цалкам ва ўладзе псіхалагічнага эфекту «абложанай крэпасці» у сітуацыі неабходнасці змагацца з усімі без выключэння і звонку, і ўнутры.
А пратэсты, хоць і лакалізаваліся ў дварах і мікрараёнах, і не думаюць спыняцца, падтрымліваючы ўсё той жа градус напружання і мабілізацыі сілавых і адміністрацыйных структур, на якія, як раз, і патрэбныя рэжыму рэсурсы ў першую чаргу. Рэсурсы, якіх ужо няма і браць іх, акрамя як у і без таго ўзлаванага народа, ужо няма дзе.
Тыя, хто думае, што беларускі пратэст вычхаўся, трагічна памыляюцца. Беларускі пратэст па-сапраўднаму яшчэ і не пачынаўся. Улада стварае для сябе поўны вакуум і адначасова сямімільнымі крокамі вядзе грамадства да сітуацыі, калі большасці ў літаральным сэнсе стане няма чаго губляць — і гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.