Экс-кіраўнік холдынга «Амкадор»: «Спадзяюся, Шакуцін не паўторыць лёс Юрыя Чыжа…»

Пару дзён таму на заводзе «Ударнік» адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 95-годдзю холдынга «Амкадор».

zavod_amkador1.png

У экс-кіраўніка холдынга «Амкадор» Васіля Шлындзікава закуліссем мерапрыемства пацікавілася «Народная Воля».

«1 лютага 1927 года быў утвораны працоўны калектыў па вырабе дзіцячых цацак, пасля перайменаваны ў фабрыку цацак "Адраджэнне", — нагадвае гісторыю сайт вядомага холдынга. — У верасні 1930 года яна была пераназваная ў завод "Ударнік". Сёння "Амкадор" аб’ядноўвае 26 юрыдычных асоб, у тым ліку 17 заводаў. Прадпрыемствы холдынга вырабляюць машыны для ўсіх галін эканомікі, а таксама ўласную элементную базу ў рамках пяці дывізіёнаў: "Будаўнічыя машыны", "Лясныя машыны", "Сельскагаспадарчыя машыны", "Камунальныя машыны" і "Кампаненты". Усяго на прадпрыемствах холдынга выпускаецца 6500 найменняў прадукцыі, больш за 125 мадэляў і мадыфікацый машын, якія працуюць у 40 краінах свету».

Хаця наконт юбілею «Амкадора» ёсць некаторыя рознагалоссі. Тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння холдынга, лічаць, што «Амкадор» быў створаны ў красавіку 1991 года — менавіта тады завод «Ударнік» стаў адным з асноўных заснавальнікаў ААТ «Амкадор».

Гасцям і высокім чыноўнікам, якіх запрасілі на афіцыйны юбілей, паказалі больш за 40 найменняў тэхнікі, а таксама прэзентавалі навінку кампаніі — цяжкі шасціколавы харвестар «AMKODOR FH3061». «Машына на 95% укамплектавана ўласнай элементнай базай: маніпулятарам "AMKODOR KF 20010", харвестарнай галоўкай "AMKODOR НН63", тандэмным мостам 30Т, а таксама камплектуючымі, вырабленымі прадпрыемствамі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», — паведаміла прэс-служба.

Акцэнт на камплектуючых зроблены невыпадкова: як вядома, «Амкадор» трапіў пад санкцыі і зараз мае вялікія цяжкасці з дастаўкай розных кампанентаў з Еўропы.

«Пасля ўвядзення 17 верасня 2020 года санкцый Еўрасаюза супраць прадпрыемстваў холдынга, у кампаніі была распрацавана і прынята новая стратэгія росту на 2021–2023 гады, якая прадугледжвае працу ва ўмовах узніклых рызык і абмежаванняў, — тлумачаць у «Амкадоры». — Адзін з яе раздзелаў прадугледжвае стварэнне дэталяў, вузлоў і агрэгатаў, якія раней набывалі ў краінах Еўропы».

Дык вось адным з тых, хто ствараў «Амкадор», быў вядомы эканаміст Васіль Шлындзікаў. У часы Шлындзікава «Амкадор» квітнеў: будавалася жыллё, базы адпачынку. У сярэдзіне 1990-х гадоў узровень аплаты працы работнікаў канцэрна быў амаль у два разы вышэйшы, чым на прадпрыемствах краіны, і ў паўтара раза — чым на прамысловых прадпрыемствах Мінска. А яшчэ «Амкадор» быў адзіным прадпрыемствам, дзе плацілі адмысловыя «заводскія» пенсіі. І яны былі зусім не сімвалічныя: у некаторых «дадатковая пенсія» фактычна зраўноўвалася з той, што прызначала дзяржава.

Але, як высветліла «Народная Воля», Васіля Шлындзікава на ўрачыстыя мерапрыемствы наконт юбілею не запрасілі.

«Я і не чакаў, што мяне ці кагосьці з былых паклічуць, — сказаў Васіль Міхайлавіч «Народнай Волі». — Хоць, напэўна, можна было гэта зрабіць, і людзі яшчэ жывыя. Але як ёсць…

Я, дарэчы, не лічу, што гэта ўвогуле юбілей. На мой погляд, гэта юбілейаднаго завода — "Ударніка". А акцыянернае таварыства было створана ў 1991 годзе. Калі святкаваць юбілей аднаго завода — гэта як бы прыніжаць астатнія. Гэта ўсё роўна як з Днём незалежнасці, які Лукашэнка ў свой час перанёс. Так і тут зрушылі акцэнты…

Сёння ўвогуле рэдка каго з былых успамінаюць, запрашаюць кудысьці. Для нашай рэчаіснасці гэта звычайная з’ява. Віншаванняў мне наконт юбілею "Амкадора" таксама ніхто не дасылаў. Але тым не менш я ад усёй душы жадаю холдынгу поспехаў і росквіту. Я ўвогуле лічу, што "Амкадору" з Аляксандрам Шакуціным вельмі пашанцавала: калі б ён не падабраў гэтую справу, то сёння ўжо не было б ні назвы, ні іншага. І замест заводаў стаялі б толькі платы… Хаця сёння яму працаваць вельмі няпроста. І справа ж не толькі ў санкцыях, але і ў цэлым у атмасферы, якая склалася ў краіне. Спадзяюся, Аляксандр Шакуцін не паўторыць лёс Юрыя Чыжа ці свайго брата Сяргея… Спадзяюся, выстаіць…»

Паводле www.nv-online.info