Эколагу Уладзіміру Валодзіну пагражаюць крымінальнай справай

Гісторыка-эколага Уладзіміра Валодзіна турбуюць званкамі супрацоўнікі Ленінскага РУУС.



valodin.jpg

Жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай крымінальнага вышуку, патрабавала, каб актывіст з’явіўся на размову. Уладзімір Валодзін папрасіў, каб яму патлумачылі, паводле якой справы выклікаюць, і даслалі афіцыйную позву. Але на гэта ён пачуў пагрозу перавесці яго ў статус падазраванага або абвінавачанага.
Цягам 25 чэрвеня яму яшчэ не раз тэлефанавалі, а раніцай 26 чэрвеня супрацоўнікі РУУС ужо размаўлялі з маці актывіста. Ёй сказалі, што Уладзімір Валодзін падазраецца ў згвалтаванні, якое адбылося ў Варонежы. Гэтыя звесткі нічым не пацверджаныя, афіцыйная позва на допыт да гэтага часу не прыходзіла.
"У Беларусі акрамя распаўсюджаных формаў рэпрэсій такіх, як адміністрацыйны пераслед, часта ў дачыненні да актывістаў прыдумляюць надуманыя абвінавачванні, у тым ліку з удзелам аддзелаў крымінальнага вышуку", — кажа  юрыстка праваабарончага цэнтра "Вясна" Наста Лойка. — Абсурдныя абвінавачванні пры гэтым могуць гучаць абсалютна ва ўсякай форме. Але часцей за ўсё ўвага звязаная з жаданнем абмежаваць актывістаў перад грамадска-значнымі падзеямі. Нежаданне дасылаць позву Уладзіміру пацвярджае надуманасць падстаў для выкліку, таму цяпер ягоная сітуацыя выглядае як запалохванне. Нам ужо паступіла некалькі сігналаў ад футбольных фанатаў, што імі цікавіліся ў такой манеры перад 3 ліпеня".