Дзеці «дзяцей Чарнобылю» больш уразлівыя да радыяцыі, — прафесар Бандажэўскі
Усе беларусы — ахвяры Чарнобыля. Нават калі чалавек жыве за тысячу кіламетраў ад Чарнобыльскай зоны, але ўжывае прадукты, вырашчаныя на забруджанай тэрыторыі, ён назапашвае радыяцыю, піша «Радыё Свабода».
Падчас «Чарнобыльскага шляху — 2016» у Менску, 26 красавіка 2019 года
Прафесар Юры Бандажэўскі, які пасля турэмнага зняволення з’ехаў з Беларусі, прадставіў вынікі маніторынгу радыеактыўнасці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэння. Пра беларускую частку зоны такіх даследаванняў няма.
У выніку чарнобыльскай катастрофы пацярпела ўся Беларусь, наступствы аварыі дагэтуль не пераадоленыя. Да таго ж праблемы Чарнобылю ў Беларусі замоўчваюцца. Ніякія сур’ёзныя навуковыя і медыцынскія даследаванні, у адрозненне ад Украіны, не праводзяцца.
Пра гэта сказаў прафэсар Юры Бандажэўскі, былы рэктар Гомельскага медінстытуту, падчас онлайн-канферэнцыі, прысвечанай 33-й гадавіне аварыі на ЧАЭС.
Прафесар, доктар медыцынскіх навук Юры Бандажэўскі ўжо больш за 10 гадоў жыве і працуе ва Украіне, ачольвае каардынацыйны аналітычны цэнтр «Экалогія і здароўе». Ён прадставіў вынікі маніторынгу радыеактыўнасці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэння.
Цяперашняя сітуацыя горшая, чым адразу пасля аварыі
Цягам 2013–2018 гадоў было абследавана 10 тысяч дзяцей і 500 цяжарных жанчын у Іванкаўскім і Палескім раёнах Кіеўскай вобласці Украіны. Вынікі даследавання несуцяшальныя, кажа прафесар Бандажэўскі.
· Неспрыяльная дынаміка раку шчытападобнай залозы ў дарослых — у Кіеўскай вобласці на 100 тысяч чалавек фіксуецца 15 выпадкаў раку (у той час як у цэлым ва Украіне 8 выпадкаў).
· Істотна павялічылася колькасць выпадкаў раку малочнай залозы ў забруджаных раёнах. У Кіеўскай вобласці — 63 выпадкі раку малочнай залозы на 100 тысяч жанчын, у цэлым па Украіне — 42 выпадкі на 100 тысяч. Прычым гэтае даследаванне праведзена Інстытутам раку Украіны.
· Структурныя парушэнні функцый шчытападобнай залозы зафіксаваныя ў 10% абследаваных дзяцей (выкарыстоўваўся мэтад УГД).
· Калі пачалі ацэньваць гарманальны фон, частата парушэнняў у дзяцей вырасла да 40% (у Палескім і Іванкаўскім раёнах)
· 35% дзяцей маюць парушэнні ў структуры печані.
· Па выніках электракардыяграфічнага абследавання парушэнні сардэчнай дзейнасці і сардэчнага рытму выяўлены ў 80% дзетак.
Даследчыкі, медыкі ацэньвалі ўплыў цэзію на фізічнае развіццё дзяцей.
«Зарэгістраваны факт, што маленькія дзеці (да 5 гадоў) маюць больш радыенуклідаў у арганізме, чым старэйшыя дзеці. І тлумачыцца гэта тым, што малыя спажываюць больш малочных прадуктаў. Малако — асноўны прадукт харчавання ў тым рэгіёне, праз беднасць людзі ўжываюць даволі шмат малака. Норма ва Украіне па цэзіі ў малацэ — да 100 бекерэляў цэзію на літар. Аднак любая колькасць цэзію ў малацэ небяспечная для людзей», — тлумачыць прафесар Юры Бандажэўскі.
Дзеці другога паслячарнобыльскага пакалення больш уразлівыя, чым іхныя бацькі
Самая трывожная выснова, на думку Бандажэўскага, — што дзеці другога постчарнобыльскага пакалення больш уразлівыя, чым іхныя бацькі. І ў іх выявілі больш сур’ёзныя парушэнні, чым у бацькоў, якія нарадзілася адразу пасля Чарнобылю.
«У дзяцей другога паслячарнобыльскага пакалення парушаная рэгуляцыя метабалічных функцый арганізма. Арганізм рэагуе нават на невялікую колькасць радыенуклідаў, на любыя стрэсавыя рэакцыі рэзкім павелічэннем гамацыстэіну. А гэтыя парушэнні выклікаюць змяненні ў жыццёва важных органах, цэнтральнай нервовай сістэмы, у гіпофізе, шчытападобнай залозе.
Дзеці больш уразлівыя да радыяцыі, чым іх бацькі. Бацькі, якія атрымлівалі больш радыяцыі, былі больш абароненыя, таму што рэзістэнтнасць арганізма была ў іх актыўнейшая, чым у нашчадкаў. А дзеці цяпер з больш сур’ёзнымі паталогіямі», — падсумоўвае Бандажэўскі.
Адкуль цяпер паступае радыяцыя?
Хоць пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло ўжо 33 гады, найперш радыяцыя паступае ў арганізм чалавека з прадуктамі харчавання, якія вырошчваюцца на забруджаных тэрыторыях.
На другім месцы — драўніна, бо ў сельскай мясцовасці людзі паляць у печы дровамі, а дровы, на думку Бандажэўскага, гэта міні-рэактары.
Таксама ў якасці ўгнаенняў людзі выкарыстоўваюць попел, і потым садавіна і гародніна, якая вырошчваецца на агародах, мае вялікі ўзровень радыяцыі.
Прафесар Бандажэўскі адзначыў і яшчэ адзін трывожны фактар, які «выбухнуў» літаральна днямі: пажары на Альманскіх балотах у Столінскім раёне распаўсюджваюць радыяцыю на тэрыторыю ўсёй краіны.
«Лясныя пажары з’яўляюцца адным з важных фактараў паступлення радыенуклідаў у арганізм чалавека», — падкрэсліў прафэсар.
У Беларусі сур’ёзныя навуковыя даследаванні не праводзяцца
На думку прафесара Бандажэўскага, у Беларусі сітуацыя можа быць значна горшай, чым ва Украіне.
«Радыяцыйная нагрузка на дзетак Украіны была меншай, чым на беларускіх дзетак. Калі мы знайшлі такія сур’ёзныя паталогіі ва ўкраінскіх дзяцей, я цудоўна разумею, якія вялікія змены могуць быць у беларускіх дзяцей. Гэта маё меркаванне, бо афіцыйнай інфармацыі я атрымаць не магу.
Але беларускім дзеткам цяжэй, чым украінскім. Яшчэ калі я працаваў у Беларусі, мы вывучалі змяненні гарманальнага фону ў дзяўчатак Буда-Кашалёўскага раёну. І ўжо тады прагназавалі, што пры такіх сур’ёзных парушэннях гарманальнага фону, якія мы выявілі, у будучыні ні пра якую нармальную цяжарнасць ці пра зачацце дзіцяці ня можа быць гаворкі», — кажа Бандажэўскі.
На думку прафесара, уся тэрыторыя Беларусі без выключэння пацярпела ад Чарнобылю. Прадукты з забруджаных тэрыторый паступалі ва ўсе рэгіёны Беларусі, бруднае мяса і малако змешвалі з чыстым. Да таго ж адбывалася міграцыя насельніцтва.
«Ахвярамі Чарнобыля з’яўляюцца людзі, якія атрымліваюць радыеактыўныя элементы чарнобыльскага паходжання. Усе беларусы — ахвяры Чарнобыля. Нават калі чалавек жыве за тысячу кіламетраў ад Чарнобыльскай зоны, але ўжывае прадукты, вырашчаныя на забруджанай тэрыторыі, ён назапашвае радыяцыю.
Да таго ж у Беларусі замоўчваецца праўда пра Чарнобыль. Не праводзяцца сур’ёзныя навуковыя і медыцынскія даследаванні. Дый цяпер няма каму вывучаць праблему. У 1990-я я быў самым маладым даследчыкам, а мне ўжо сёмы дзясятак», — кажа Бандажэўскі.
Як засцерагчыся ад радыяцыі?
На думку Юрыя Бандажэўскага, захады абароны ад радыяцыі павінны быць гарантаваныя дзяржавай. А дзяржава праблему замоўчвае.
Таму народ павінен абараняцца сам. Прафесар назваў некалькі асноўных чыннікаў:
- чыстыя прадукты;
- дыспансерызацыя;
- кантроль за ўтрыманнем радыенуклідаў, наяўнасць у насельніцтва прыбораў кантролю;
- даступнасць лабараторных даследаванняў;
- перагляд нормаў.
«90–95 бекерэляў на літар малака — гэта норма? Гэта злачынства! Такой нормы не павінна быць», — перакананы прафесар Юры Бандажэўскі.
Юры Бандажэўскі — сусветна вядомы спецыяліст у галіне радыяцыйнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук, прафесар, сапраўдны чалец Нью-Ёркскай акадэміі навук. Працаваў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага медінстытуту, вывучаў негатыўнае ўздзеянне малых доз радыяцыі на арганізм. У 1999 годзе быў зняты з пасады, арыштаваны праз падазрэнні ў атрыманні хабару і асуджаны. Праваабаронцы прызналі Бандажэўскага палітвязням. Паводле іх ацэнкі, сапраўднай прычынай арышту навукоўца стала ягоная нязгода з палітыкай беларускіх уладаў у пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пасля ўмоўна-датэрміновага вызвалення ў жніўні 2005 году Бандажэўскі пакінуў Беларусь. Спачатку з’ехаў у Францыю, цяпер жыве і працуе ва Украіне.