Двух жыхароў Гомельшчыны адправілі ў калонію за абразу камісара Крываносава, Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў
Гомельскі абласны суд 10 лютага асудзіў 36-гадовага жыхара Рэчыцы Ігара Краўцова да трох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за абразу ў каментарах Лукашэнкі, ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава і распальванне сацыяльнай варожасці. На мінулым тыдні за каментары пра Андрэя Крываносава, Лукашэнку і іншых чыноўнікаў жыхара Веткі асудзілі да двух гадоў калоніі.
36-гадоваму жыхару Рэчыцы
інкрымінаваныя распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай
сацыяльнай прыналежнасці, а таксама публічная абраза Лукашэнкі і ваеннага
камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава.
Згодна з
матэрыяламі справы ўдзельнік групавога чата ў жніўні 2020 года з дапамогай
мабільнага тэлефона размяшчаў са свайго акаўнта паведамленні з выказваннямі
пабуджальнага характару, заклікамі да фізічнага гвалту ў дачыненні да
супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Ён жа 15
жніўня 2020 года і 12 лютага 2021 года ў Telegram-чаце размясціў абразлівыя
каментары ў адрас Лукашэнкі, а таксама ваеннага камісара Гомельскай вобласці ў
сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Дзеянні
жыхара Рэчыцы былі кваліфікаваныя па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1
арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі),
арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
10 лютага суддзя Гомельскага абласнога суда Аляксандр Піскуноў асудзіў 36-гадовага жыхара Рэчыцы да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
2 лютага суд Веткаўскага раёна асудзіў 44-гадовага жыхара
(прозвішча праваабаронцам невядомае) да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі
агульнага рэжыму.
Паводле версіі абвінавачвання, у лютым-красавіку 2021 года
веткаўчанін пакідаў у «Аднакласніках» пад пастамі свайго
інтэрнэт-сябра абразлівыя каментары.
«Негатыўнай ацэнкі ў сувязі з выкананнем імі сваіх
службовых абавязкаў удастоіліся ваенны камісар Гомельскай вобласці і былы
памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, былы міністр унутраных спраў і
міністр замежных спраў, а таксама кіраўнік дзяржавы».
Усяго мужчыну інкрымінавалі 13 эпізодаў «злачыннай дзейнасці». Дзеянні жыхара Веткі былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады).