Двух супрацоўнікаў «Белтэлекама» будуць судзіць за зліў асабістых даных сілавікоў, суддзяў, чыноўнікаў
Усяго 35-гадовы інжынер электрасувязі і 24-гадовы спецыяліст па продажах перадалі «дэструктыўным» тэлеграм-каналам даныя 150 чалавек. У іх ліку былі кіраўнікі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, суддзі, журналісты, работнікі сферы адукацыі і медыцыны, грамадскія дзеячы, паведамляе Следчы камітэт.
У СК растлумачылі: 24-гадовы спецыяліст па продажах і 35-гадовы інжынер электрасувязі «Белтэлекама» натхніліся заклікамі «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў і перадавалі персанальныя і іншыя асабістыя даныя кліентаў, да якіх мелі доступ.
Паведамляецца, што адзін з абвінавачаных нібыта атрымаў за сваю дзейнасць каля 300 долараў ЗША. Разлік з ім ажыццяўляўся ў крыптавалюце.
Мужчынам прад'яўленыя канчатковыя абвінавачанні па 8 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яны знаходзяцца пад вартай.