Два гады калоніі за тое, што вазіў сваю дзяўчыну ў машыне без яе згоды

Жыхар Салігорска асуджаны за даволі рэдкае для Беларусі злачынства — незаконнае пазбаўленне свабоды чалавека (арт. 183 КК). Прынцыповасць у гэтай справе праявіў пракурор Любанскага раёна, а супрацоўнікі мясцовай міліцыі і Следчага камітэта не ўгледзелі ў дзеяннях мужчыны складу злачынства.



149.jpg

Як паведаміў пракурор аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Мінскай вобласці Максім Агеенка, 34-гадовы ўраджэнец Любанскага раёна, жыхар Салігорска, асуджаны за тое, што неаднаразова насуперак волі сваёй знаёмай сілком змяшчаў яе ў багажнік і салон сваёй аўтамашыны, пасля чаго перасоўваўся на аўто, пазбаўляючы дзяўчыну волі.

Фігуранты справы сустракаліся з 2010 года.

Пракурор Любанскага раёна, выкарыстоўваючы прадастаўленыя законам паўнамоцтвы, распачаў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу, па якой у далейшым ім асабіста было праведзена папярэдняе расследаванне.

Устаноўлена, што мужчына ў жніўні 2012 года з рэўнасці, насуперак супраціву 23-гадовай студэнткі сталічнай вну, жыхаркі Любані, з ужываннем сілы змясціў дзяўчыну ў багажнік сваёй аўтамашыны, пасля чаго ездзіў па тэрыторыі Любанскага раёна. Другі выпадак адбыўся ў красавіку 2013 года, калі пасля адмовы дзяўчыны сесці ў машыну для размовы мужчына таксама з прымяненнем гвалту, насуперак яе волі, заштурхнуў дзяўчыну ў салон свайго аўтамабіля, зачыніў знутры і пачаў рух, пазбавіўшы пацярпелую магчымасці бяспечна пакінуць машыну.

Абвінавачаны сваю віну не прызнаў, патлумачыў свае ўчынкі жаданнем высветліць адносіны. Такі аргумент суд не прыняў як  паважлівы, і мужчына быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 183 КК. Ён асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суд касацыйнай інстанцыі вердыкі пакінуў без зменаў.

БелаПАН