Дубавец — Генпракуратуры: Генацыд беларусаў у пасляваенны перыяд я дакладна не адмаўляў

Журналіст Сяргей Дубавец адказаў Генеральнай пракуратуры, якая ўзбудзіла супраць яго шэсць крымінальных спраў.

31_sergey_dubovec_logo.jpg.webp

«У 1995 годзе пасьля пагрому парлямэнту Васіль Быкаў назваў рэжым Лукашэнкі хунтай, а мой сябра, дэпутат Вярхоўнага савету і рэдактар газэты «Свабода» Ігар Гермянчук — бандай, — цытуе Сяргея Дубаўца «Свабода». — Нічога не зьмянілася за гэтыя 30 гадоў. Важна мець на ўвазе свае ўласныя думкі і дзеяньні.

Усе мае развагі ў публічнай прасторы строга падпарадкаваныя аб’ектыўным фактам, Канстытуцыі Беларусі і кодэксу журналіста «Радыё Свабода». Адзіная рэакцыя, якой яны заслугоўваюць — дыскусія.

Але дыскусіі хунта-банда весьці ня ўмее. На кожнае іншадумства адзін адказ — крымінальная справа і турма. Успрымаю гэта з пэўнай удзячнасьцю, як яшчэ адно прызнаньне праваты адэкватных беларусаў, якіх мама вучыла правільным рэчам. Цяпер я цалкам пазбаўлены згрызотаў сумленьня адносна таго, што мусіў выехаць зь Беларусі. Што да цяжкасьці майго „злачынства“, дык яно прыблізна такое, як магніцік на лядоўні, прызнаны пікетам і забароненым масавым мерапрыемствам. У фармулёўках пракуратуры асабліва зацікавіла фраза пра «отрицал факт геноцида белорусского народа в... послевоенный период». Гэтага я не адмаўляў дакладна, але задумацца ёсьць пра што».

Нагадаем, Генпракуратура ўзбудзіла адразу шэсць крымінальных спраў супраць вядомага журналіста «Свабоды» Сяргея Дубаўца.

Як адзначаецца на сайце ведамства, журналісты інкрымінуюць «адмаўленне генацыду беларускага народа», «рэабілітацыю нацызму», «стварэнне экстрэміскага фарміравання» і інш.

«Падазраваны ў сваіх публічных выказваннях, якія публікуюцца ў аўтарскім блогу, распаўсюдзіў загадзя ілжывыя і адкрыта дэструктыўныя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, чым дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь, органы дзяржаўнай улады і кіравання; распальваў сацыяльную варожасць па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы; учыніў паклёп на кіраўніка дзяржавы; удзельнічаў у экстрэмісцкім фарміраванні, а таксама фарміраванні, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму; адмаўляў факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд; здзейсніў наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.


Глядзіце таксама

Сяргея Дубаўца абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:

арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») — да чатырох гадоў пазбаўлення волі;

ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы») — да пяці гадоў пазбаўлення волі;

ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі) — да пяці гадоў пазбаўлення волі;

ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім») — да сямі гадоў пазбаўлення волі;

ч. 1 арт. 130-2 («Адмаўленне генацыду беларускага народа») — да пяці гадоў пазбаўлення волі;

ч. 1 арт. 130-1 («Рэабілітацыя нацызму») — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Адзначаецца, што крымінальныя справы супраць журналіста, які жыве за межамі Беларусі, накіраваныя для расследавання ў Следчы камітэт.