Павел Слюнькін: Санкцыі не з’яўляюцца першапрычынай прывязкі Беларусі да Расіі
Аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), экс-супрацоўнік МЗС Беларусі абвяргае два распаўсюджаныя міфы: пра тое, што санкцыі, уведзеныя ЕС і ЗША, «прывязваюць Беларусь да Расіі» і пра тое, што яны «несправядлівыя».
— Ваша пазіцыя да ўвядзення санкцый залежыць ад таго, ці вы прызнаеце беларускія ўлады, як тыя, якія законна, легальна і дэмакратычна кіруюць Беларуссю, ці вы глядзіце на Беларусь як на краіну, у якой узурпаваная ўлада, парушаецца права людзей на выбар, парушаюцца міжнародныя нормы, — разважае Павел Слюнькін на «Еўрарадыё».
Калі для вас цалкам нармальна тое, што адбываецца ў Беларусі — рэпрэсіі, зачыстка незалежных медыя, уздзеянне на сваякоў палітвязняў і шмат іншага — калі для вас гэта такая нармальная аперацыя супраць апанентаў, якія хочуць «дэстабілізаваць краіну», і вы лічыце, што ўлада Лукашэнкі для вас легітымная і законная, то санкцыі вам, напэўна, падаюцца незаконнымі.
Так, санкцыі ўводзяцца супраць дзяржавы. Але яны, у першую чаргу, уводзяцца за паводзіны беларускіх уладаў. Для Вільні, Вашынгтона і Парыжа гэтыя санкцыі накладаюцца на нелегітымную ўладу.
Калі вы лічыце, што нелегітымная ўлада і краіна — адно і тое ж, то, безумоўна, і санкцыі будуць для вас максімальна несправядлівымі.
Аналітык патлумачыў, як адбываецца падмена паняццяў яшчэ ў адным папулярным сцвярджэнні прапагандыстаў — пра тое, што менавіта санкцыі штурхаюць Мінск у бок залежнасці ад Расіі.
— Ці маюць санкцыі эканамічны эфект? Так. Ці яны самі па сабе прывязваюць Беларусь да Расіі? Не.
Гэта выбар беларускіх уладаў — рэагаваць на гэтыя санкцыі не тым, каб выконваць правілы міжнароднага свету, правы чалавека, змяняць свае паводзіны, не трымаць палітычных вязняў. І санкцыі б знялі тады.
З майго пункту гледжання, санкцыі не з’яўляюцца першапрычынай прывязкі Беларусі да Расіі. Гэта асэнсаваны выбар людзей, якія кіруюць Беларуссю — працягваць рэпрэсіўныя практыкі, працягваць парушаць міжнароднае права, працягваць рэпрэсаваць сваіх супернікаў унутры краіны, дапамагаць у вайне супраць Украіны.
Але яны разумеюць, што ў адказ за гэта будуць уведзеныя санкцыі і спрабуюць шукаць выйсце. І вось адзінае выйсце, якое яны знаходзяць, гэта прывязванне беларускай эканомікі да Расіі. Такім чынам яны самі сабе прывязалі.
Калі ўзгадаць 2020 год, беларускія ўлады выдатна разумелі, якімі будуць наступствы іх дзеянняў. Я тады яшчэ працаваў у МЗС, і на ўсіх сустрэчах з еўрапейскімі амбасадарамі, і на сустрэчах Макея з яго візаві па розных каналах ішло папярэджанне. Нам казалі, калі з’явяцца палітзняволеныя, калі вернуцца рэпрэсіі, мы не зможам працаваць, як раней — санкцыі вернуцца. Беларускія ўлады гэта ведалі. Дык хто каго прывязаў да Расіі?
Здаецца, гэта быў асэнсаваны выбар беларускіх праўладных палітыкаў, якія добра разумелі наступствы.
І яны гэты выбар зрабілі. Але ў іх яшчэ ёсць магчымасць адвязаць сябе ад Расіі. Не такая добрая, як некалькі гадоў таму, але, як мінімум, кантроль над краінай застаецца пакуль яшчэ ў іх, — не выключае аналітык.
Паводле Салідарнасці