Старшыня БАЖ: Рэпрэсіі супраць журналістаў выйшлі на плато, за кратамі больш за 30 чалавек

Практыка падаўлення свабоды слова ў Беларусі, магчыма, не так шырока асвятляецца ў сусветных медыя, але сітуацыя знаходзіцца пад пільнай увагай міжнародных арганізацый.

Артыкул пра Андрэя Аляксандрава ў брытанскай прэсе

Артыкул пра Андрэя Аляксандрава ў брытанскай прэсе

Як адзначыў падчас візіту ў офіс Беларуская асацыяцыі журналістаў супрацоўнік па палітыцы і кампаніях «Індэкса цэнзуры» Нік Вільямс, беларускі рэжым працягвае рэпрэсіі, якія становяцца яшчэ больш жорсткімі. Гэта знаходзіцца ў полі зроку праваабаронцаў, экспертаў у медыясферы на Захадзе.

— Беларуская сітуацыя не трапляе ў парадак дня СМІ ў Вялікабрытаніі, — прызнаў Нік Вільямс. — Брытанцы ведаюць аб становішчы рэчаў у агульных рысах. У прыватнасці, што Лукашэнка — аўтарытарны лідар, што некалькі гадоў таму прайшлі маштабныя пратэсты. Аднак большасць не ўяўляюць, як шмат палітвязняў знаходзіцца ў турмах. Таму так важная праца праваабарончых арганізацый, у тым ліку БАЖ.

Прадстаўнік «Індэкса цэнзуры» распавёў, што яго калегі імкнуцца распаўсюджваць інфармацыю пра выпадкі падаўлення свабоды слова і пераслед журналістаў. Да прыкладу, нядаўна ў эфіры радыёстанцыі BBC былі зачытаныя лісты Андрэя Аляксандрава і Кацярыны Андрэевай. Таксама ў прэсе выходзяць публікацыі, прысвечаныя прадстаўнікам медыя, якія знаходзяцца ў месцах зняволення.

— Ведаем, што арышты журналістаў працягваюцца, і здараюцца з найменшых падстаў, — падкрэсліў Нік Вільямс. — Але цяпер за тыя ж дзеянні, што і раней, выносяць значна больш суровыя прысуды. Гэта вельмі хвалюе.


Глядзіце таксама

— Рэпрэсіі выйшлі на плато, — пацвердзіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Доўгі час колькасць журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, не мяняецца. Цяпер іх больш за 30. Адны выходзяць на волю, але затрымліваюць іншых. Адначасова становіцца больш жорсткім заканадаўства і правапрымяняльная практыка — таксама.

Як дапоўніў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, у дачыненні да журналістаў было ўстаноўлена прымяненне катаванняў у 44 з 154 выпадкаў (зафіксаваных з мая 2020 па верасень 2021) у значэнні гэтага тэрміна ў міжнародным праве. Яшчэ ў 35 — жорсткае пазбаўленне волі, а ў 53 — дыскрымінацыйны пераслед.

— Гэта ўсё прыводзіць да цэнзуры, а потым — да самацэнзуры, — заўважыў Нік Вільямс. — Не трэба арыштоўваць усіх. Дастаткова прымусіць большасць журналістаў замаўчаць. Гэта вядомая стратэгія аўтарытарных уладаў.