Дэпутаты раяць вяскоўцам звяртацца ў суд

Пасля мноства калектыўных і індывідуальных зваротаў у Капыльскі райвыканкам, грамадскія актывісты са Слуцка яшчэ ў верасні звярнуліся ў Міністэрства ЖКГ, а таксама да 17 дэпутатаў Нацыянальнага сходу ад Мінскай вобласці з прапанаваннем удасканаліць заканадаўства па ўтрыманню беларускіх вёсак у цывілізаваным выглядзе. Адказы працягваюць паступаць да гэтага часу.



vioska_2014_028_logo.jpg

Яшчэ ў сярэдзіне ліпеня актывісты са Слуцка пабывалі ў вёсках Грозаўскага сельскага савета (Праснакі, Канюхі, Міхалёўцы, аграгарадок Грозаў, Слабодка, Дубейкі, Балгавічы, Аксаміты, Яўсеевічы, Рыматаўшчына), сустрэліся з мясцовымі жыхарамі, дзе былі вызначаны асноўныя праблемы, якія людзі хацелі б вырашыць.

Агульную заклапочанасць у вяскоўцаў выклікала заросласць вёсак пустазеллем і лесам, наступленне баршчэўніка Сасноўскага, адсутнасць лазні ў аграгарадку Грозаў, дрэннае становішча дарог да вёсак Яўсеевічы і Балгавічы, адсутнасць аўтобуснага злучэння ў нядзелю са Слуцкам. А таксама адсутнасць дарогі да мемарыялу ахвярам халакосту, нецывілізаванае становішча старых яўрэйскіх могілак, перабоі ў працы калонак у Грозаве. Жыхары вёскі Аксаміты, Канюхі, Грозава скардзіліся на пажарную небяспеку ў сувязі з сухім пустазеллем, на вялікую колькасць кляшчоў на зарослых пустуючых участках на вуліцах вёсак.

У выніку праведзенай кампаніі ”Успомнім пра вёску” да сярэдзіны верасня 2014 года былі вырашаны многія ўзнятыя пытанні:

Знішчана шматгадовае пустазелле на пустуючых участках у вёсцы Аксаміты і аграгарадку Грозаў. У вёсцы Аксаміты частковы знішчаны хмызняк на месцах сядзіб, старшыня сельскага выканаўчага камітэта актывізавала работу па пошуку ўладальнікаў пустуючых сядзіб і выдачы прадпісанняў аб навядзенні парадку.

Адрамантаваны і адчынены душавыя кабіны для жыхароў аграгарадка Грозаў. Выкананы ямачны рамонт асфальтавай дарогі Яўсеевічы — Капыль, ямачны рамонт дарогі Слуцк — Капыль праз Грозаў. Адчынены дадатковы аўтобусны рэйс з Капыля на Слуцк праз вёскі Грозаў, Міхалёўцы, Канюхі, як і хацелі вяскоўцы. На старых яўрэйскіх могілках вынішчаны хмызняк, яны набылі адносна цывілізаваны выгляд. Пачалася распрацоўка сметнай дакументацыі над стварэннем дарогі да помніка ахвярам Халакосту.

Засыпаны ямы на дарозе ў вёску Слабодка. Капыльскае ДРСУ выканала знішчэнне хмызняку і абкошванне абочын дарог, якія мяжуюцца з землямі прадпрыемства “Грозаў-агра”. Актывізавалася дзейнасць сельскага выканаўчага камітэта па навядзенню парадку на ўсіх вясковых могілках, сабраныя сродкі на будаўніцтва агароджаў вакол могілак.

“Так, мы шмат чаго дабіліся ў ходзе кампаніі “Успомнім пра вёску”. Выкананы многія патрабаванні калектыўных і індывідуальных зваротаў вясковых жыхароў. Але колькі высілак гэта нам каштавала! Колькі паперы пераведзена! Колькі камісій пабывала ў Грозаўскім сельскім савецеІ І ўсё толькі дзеля таго, каб заставіць чыноўнікаў выканаць свае функцыі?, — кажа грамадская актывістка Зінаіда Цімошак. — Хачу нагадаць, што згодна з артыкулам 44 Закона РБ “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” выканкамы пярвічнага ўзроўню ў межах сваёй кампетэнцыі забяспечваюць добраўпарадкаванне і падтрыманне належнага санітарнага стану на адпаведнай тэрыторыі”… На паперы запісана добра, але кожны мясцовы кіраўнік па-свойму ацэньвае межы сваёй кампетэнцыі. Да таго ж пры адсутнасці тэхнікі выкананне паўнамоцтваў наўпрост залежыць ад сяброўскіх зносін з старшынёй мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства”.

Менавіта таму Цімошак лічыць, што трэба ўдасканаліць заканадаўства па гэтаму пытанню. А вось дэпутаты з ёй не згодныя. Агульная сутнасць адказаў з дэпутатацкага корпусу найбольш яскрава адлюстравана ў пісьме Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыкі, якая лічыць, што дзейнічаючага заканадаўства па ўтрыманню сельскіх населеных пунктаў дастаткова, і стварэнне спецыялізаваных арганізацый пры сельскіх саветах з’яўляецца немэтазгодным. З адказу вынікае, што дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы таксама павінны дапамагаць сельвыканкамам. Ёсць і цікавая парада да грамадзян звяртацца ў суд пры выпадках парушэння службовымі асобамі дзяржаўных органаў законных правоў і інтарэсаў насельніцтва.

vjoska_2014_019_logo.jpg

Да звроту і пасля

 

vikanana_003_logo.jpg

 

asot_u_aksamitah_logo.jpg

 

vikanana_001_logo.jpg