Дэкрэтны адпачынак для мужчын: чаму гэта правільна?

Чаму практыка дэкрэтнага адпачынку ў мужчын — норма, якая павінна стымулявацца на дзяржаўным узроўні, распавядае Таццяна Ашуркевіч у размове з узбекістанскай актывісткай Ірынай Мацвіенка для «Цэнтра новых ідэй».

Фота NeMolchi.uz

Фота NeMolchi.uz

Нядаўна я заўважыла тэндэнцыю: многія знаёмыя ў маім мужчынскім асяроддзі вельмі прагрэсіўныя, пакуль размова не заходзіць пра дзве рэчы — фемінітывы і дэкрэтны адпачынак для хлопцаў. Дзве гэтыя з'явы часта выклікаюць іранічную рэакцыю, градус гутарак паступова падвышаецца, і каб не пачуць «гэта ўсё феміністкі прыдумалі!», правільным варыянтам застаецца хутчэй закрыць тэму. Але не гэтым разам. У гэтым тэксце я размаўляю з узбекістанскай актывісткай Ірынай Мацвіенка пра мужчын, дэкрэтны адпачынак для іх і выхаванне дзяцей. Расказваем, чаму ўсё гэта трэба грамадству і навошта набліжаць гендарную роўнасць у сям'і.

Ірына Мацвіенка — фемактывістка, журналістка, заснавальніца праекта супраць гендарнага гвалту ва Узбекістане Nemolchi.uz, вывучала пытанні гендэра і няроўнасці ў Лонданскай школе эканомікі.

— Мне здаецца, што дэкрэтны адпачынак для мужчын і наогул усё, што тычыцца выхавання імі дзяцей на адным узроўні з жанчынамі, — гэта вельмі праблемная тэма. Чаму на постсавецкай прасторы гэтыя стэрэатыпы ўсё яшчэ так трывала ўкаранёныя?

— Адной з асноўных прычын з'яўляецца эканамічны складнік. А яшчэ — наша патрыярхальнае грамадства. Мы ж памятаем, як адбывалася эмансіпацыя жанчын: яны пачалі працаваць, але засталіся адказнымі за хатнія абавязкі. У нейкі момант гэта стала агульнапрынятай нормай — у жанчыны былі дзве «працоўныя» змены, адна фармальная (праца), іншая нефармальная (дом і дзеці), у той час як мужчына заставаўся толькі ў ролі чалавека, які прыносіць грошы ў сям'ю.

Глядзіце таксама

Цяпер мы бачым, як гэтыя ролі пачынаюць мяняцца. Я мела камунікавала з мужчынамі, якія прынялі рашэнне сысці ў дэкрэтны адпачынак у еўрапейскіх краінах. Яны падкрэслівалі, што фінансавы аспект адыграў ключавую ролю ў прыняцці гэтага рашэння. Калі дзяржава аплачвае паўгода дэкрэтнага адпачынку для мужа і для жонкі, яны могуць самі вызначыць, як будуць яго выкарыстоўваць. Гэта дае выбар і гнуткасць, але адначасова падкрэслівае важнасць фінансавага аспекту ў прыняцці такога рашэння.

— Гэта значыць, усё ўпіраецца ў фінансавыя стымулы?

— Так, мне здаецца, што эканамічныя ўмовы, якія створаныя ў гэтых краінах, сапраўды стымулююць мужчын ісці ў дэкрэтны адпачынак. Дзяржава ў такіх выпадках прапануе аплату дэкрэтнага водпуску на працягу года, дзеліць яго пароўну паміж бацькамі. Гэта становіцца не толькі фінансавай падтрымкай, але і сацыяльным стымулам, які стварае разуменне таго, што такі падыход з'яўляецца нормай. Прасцей кажучы, каб паскорыць і прасунуць змены ў сацыяльнай норме, магчыма, неабходна ўмяшанне дзяржавы на заканадаўчым узроўні.

Фота Getty Images

Фота Getty Images

— Я разумею, што эканоміка цалкам можа ўплываць на сацыяльныя змены ў заходніх краінах. Але калі казаць, напрыклад, пра Беларусь, калі ў грамадстве існуе відавочны патрыярхат, мне цяжка ўявіць, як гэтыя праблемы можна вырашыць без глабальнага змянення культурнага кантэксту.

— Вядома, яго важна ўлічваць. Сацыяльныя кампаніі павінны быць адаптаваныя да асаблівасцяў краіны. Проста капіяваць мадэль, напрыклад, Германіі ці Швецыі неэфектыўна, улічваючы ўнікальныя асаблівасці кожнага грамадства. Напрыклад, ва Узбекістане мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі некаторыя мужчыны не дазваляюць сваім жонкам працаваць, і жонкі гэтаму падпарадкоўваюцца. І калі ўкараніць для грамадства ў маёй краіне сістэму падобную Заходняй, больш жанчын могуць застацца дома пад ціскам з боку мужоў.

Глядзіце таксама

— У многіх грамадствах усё яшчэ вялікі адсотак жанчын прытрымліваецца патрыярхальных поглядаў. Займацца выхаваннем дзяцей і дазваляць мужчыну зарабляць — гэта ідэальная мадэль для іх, нічога мяняць не трэба. І акрамя гэтага, я ўпэўненая, што ў дачыненні да дэкрэтнага адпачынку пярэчанні будуць і ад мужчын: «чаму мы павінны марнаваць час сваёй кар'еры на дэкрэтны адпачынак?»

— Так, калі людзей з патрыярхальнымі поглядамі ў грамадстве шмат, тлумачэнне, чаму змены важныя, зойме досыць шмат часу. Гэта доўгатэрміновая стратэгія, і дзяржава павінна падтрымліваць гэты працэс, таму што існуючыя нормы фармаваліся стагоддзямі. Але калі людзі бачаць вынікі зменаў вакол сябе і ўсведамляюць, што існуюць сацыяльныя «санкцыі», гэта будзе ўплываць на іх рашэнні.

Грамадства павінна стаць сведкам новых узораў паводзін — бачыць бацькоў з вазочкамі на вуліцы не толькі ў выходныя, але і ў будні. Гэтыя змены дапамогуць разбурыць стэрэатыпы і стварыць новыя, больш раўнапраўныя ўзоры бацькоўства.

Цяпер у нас усё ўладкавана так: калі мужчына выходзіць з дзіцем на вуліцу, усе ім захапляюцца. Цяпер уявіце, што калі гэта стане паўсядзённай карцінай, калі іх будзе відаць не толькі ў чэргах паліклінік, дзе звычайна сядзяць мамы з дзецьмі, але і на школьных сходах, дзе бацькі — раўнапраўныя ўдзельнікі, то гэта сапраўды зменіць стэрэатыпы.

Мне здаецца, у нас ёсць велізарныя рычагі ўплыву. Напрыклад, тэлебачанне для многіх усё яшчэ з'яўляецца важнай крыніцай інфармацыі. Як я разумею, многія проста пакідаюць тэлевізар уключаным як фон. І калі дзяржава думае пра праблему, якую мы абмяркоўваем, яна можа выкарыстоўваць тэлебачанне для запуску бясплатных сацыяльных кампаній, ствараць ток-шоу на гэтую тэму і гэтак далей.

— А ёсць нейкія прыклады патрыярхальных грамадстваў, якія паспяхова справіліся са зменамі ў ролі полаў і прыйшлі да балансу?

— Хутчэй, тут гаворка ідзе пра заходнія краіны. Я думаю, улічваючы сітуацыю ў Беларусі, актывістам цяпер у прынцыпе складана прасоўваць іх досвед для выкарыстання ў вашай краіне. Вельмі цяжка нешта мяняць, калі існуе такое супрацьстаянне. Але нават калі б гэтага аспекту не было, факусавацца толькі на праграме, па якой жыве Скандынавія або Германія, і не адаптаваць яе пад кантэкст пэўнай краіны, таксама было б памылкай. Кожная асобная краіна павінна быць даследавана паасобку, а праграму змяненняў павінна распрацоўваць не толькі дзяржава, але і звычайныя людзі, актывісты і медыя.