Даследаванне: псіхічнае здароўе ў дзяўчынак горшае, чым у хлопчыкаў

Дзяўчынкі ўдвая часцей за хлопчыкаў пакутуюць ад самоты, маюць праблемы са сном і адчуваюць фізічныя болі, — такія вынікі даследавання, праведзенага Еўрапейскім рэгіянальным бюро СААЗ.

Моладзь як мага раней трэба вучыць прыслухоўвацца да сябе і да іншых і распазнаваць псіхічны разлад. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Моладзь як мага раней трэба вучыць прыслухоўвацца да сябе і да іншых і распазнаваць псіхічны разлад. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Новае даследаванне паказала, што чвэрць 15-гадовых дзяўчынак амаль увесь час адчуваюць пачуццё адзіноты, што падкрэслівае неабходнасць ажыццяўлення мерапрыемстваў па падтрымцы псіхічнага здароўя, непасрэдна арыентаваных на жанчын і дзяўчынак.

Паказчыкі псіхічнага здароўя і дабрабыту ў дзяўчынак-падлеткаў ніжэй, чым у хлопчыкаў. Такія даныя новага дакладу, апублікаванага Еўрапейскім рэгіянальным бюро СААЗ на гэтым тыдні, калі адзначаўся Сусветны дзень псіхічнага здароўя. 

Больш за тое, з узростам гэтыя адрозненні пагаршаюцца, прычым найгоршыя вынікі дэманструюць 15-гадовыя дзяўчынкі, паведамляе ААН.

Даклад «Звярнуць увагу на псіхічнае здароўе і дабрабыт падлеткаў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі» заснаваны на даных даследавання, у рамках якога адсочваюцца паводзіны адносна здароўя і асаблівасці сацыяльнага асяроддзя амаль 280 000 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 11, 13 і 15 гадоў з 44 краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Дзяўчынкі стабільна набіралі больш нізкія балы па паказчыках задаволенасці жыццём, псіхалагічнага дабрабыту і самаацэнкі стану здароўя, а таксама больш высокія балы па паказчыку адзіноты, чым хлопчыкі. Каля чвэрці 15-гадовых дзяўчынак паведамілі, што на працягу апошняга года яны большую частку часу або пастаянна адчувалі пачуццё адзіноты, тады як сярод хлопчыкаў пра гэта паведамляў толькі кожны сёмы рэспандэнт.

Глядзіце таксама

Даўняя тэндэнцыя 

Хоць лічыцца, што пандэмія COVID-19 і меры па барацьбе з ёй адыгралі ў гэтым пэўную ролю, яны не з'яўляюцца адзіным тлумачэннем сітуацыі, якая склалася. На самай справе задаволенасць жыццём і самаацэнка стану здароўя сярод падлеткаў, асабліва сярод дзяўчынак, зніжалася з 2018 года, а з 2014 года адзначаўся рост колькасці скаргаў на здароўе — такіх, як праблемы са сном, болі ў спіне, галаўныя болі і пачуццё прыгнечанасці. 

«Я думаю, што ёсць шмат дзяўчынак, якія самі сябе настройваюць негатыўна, таму што яны думаюць: "А ці дастаткова я добрая? Ці дастаткова я моцная? Ці здольная я на самастойныя ўчынкі?" — сказала адна дзяўчынка з сярэдняй школы ў Шатландыі, адказваючы на пытанне, што яна думае пра вынікі апытання. — Яны накручваюць і раздзіраюць сябе дарма. Яны не цэняць сябе такімі, якія яны ёсць».

— Праблемы, з якімі сутыкаецца сучасная моладзь, разнастайныя і складаныя: ад кліматычнага крызісу да вучэбнай нагрузкі, сацыяльных чаканняў і ўсёпранікальнага ўплыву сацыяльных сетак, — сказаў доктар Ханс Клюге, еўрапейскі рэгіянальны дырэктар СААЗ. — Наша агульная адказнасць заключаецца ў забеспячэнні іх падтрымкі і рэсурсаў, неабходных для паспяховага пераадолення гэтых цяжкасцей. Усяго месяц таму Еўрапейскае рэгіянальнае бюро СААЗ дало старт працы моладзевай сеткі «Youth4Health» («Моладзь за здароўе»), якая дапаможа маладым людзям заняць месца за сталом перамоваў пры прыняцці рашэнняў, якія тычацца іх здароўя і дабрабыту.

Даследаванне таксама паказала, што за апошнія шэсць месяцаў траціна падлеткаў больш за раз на тыдзень адчувалі нервовасць або раздражняльнасць. Кожны чацвёрты рэспандэнт паведамляў пра праблемы са сном (29%) і/або пра прыгнечаны настрой (25%). Кожны пяты (20%) паведамляў пра частыя галаўныя болі (больш за раз на тыдзень).

У дакладзе таксама пацвярджаюцца даўнія высновы аб тым, што сацыяльна-эканамічны статус — адзін з фактараў, якія ўплываюць на псіхічнае здароўе, прычым агульны стан здароўя горшы ў падлеткаў з менш забяспечаных сем'яў. 

Глядзіце таксама

Ранняе ўмяшанне 

Гэтыя вынікі сведчаць пра тое, наколькі важна своечасова прыняць меры. Хоць не ўсе падлеткі, якія скардзяцца на дрэнны псіхаэмацыйны стан, маюць патрэбу ў спецыялізаваным лячэнні (напрыклад, у псіхіятра), з часам такое лячэнне можа спатрэбіцца, калі не адрэагаваць на гэтыя скаргі своечасова. 

У сувязі з гэтым асаблівая ўвага надаецца школам, паколькі ў большасці краін яны з'яўляюцца першым месцам кантакту з падлеткамі, якія маюць праблемы з псіхічным здароўем. Калі школам будзе адведзена цэнтральнае месца ў рэалізацыі некаторых праграм па ўмацаванні псіхічнага здароўя і прафілактыцы псіхічнага разладу, гэта можа забяспечыць найбольшую аддачу з пункту гледжання паляпшэння псіхічнага здароўя дзяцей і падлеткаў.

Калі хто-небудзь з навучэнцаў мае патрэбу ў больш спецыялізаванай дапамозе, школы могуць накіроўваць іх у іншыя службы па месцы жыхарства, уключаючы бальніцы і цэнтры аховы псіхічнага здароўя, калі такія ёсць.

Глядзіце таксама

«Вынікі гэтага даследавання выцвярэжваюць»

«Вынікі гэтага даследавання выцвярэжваюць. Маладыя людзі гавораць нам пра тое, што ў іх не ўсё ў парадку, і мы, дарослыя людзі, якія прымаюць рашэнні, павінны прыслухацца да іх і прыняць неабходныя меры», — кажа доктар Клюге. 

І хоць хлопчыкі, паводле яго слоў, магчыма, не так часта паведамляюць пра праблемы з псіхічным здароўем, ім таксама неабходна даводзіць інфармацыю пра тое, як распазнаваць прыкметы псіхалагічнага дыстрэсу, трывогі або адзіноты ў сабе і ў навакольных. «Разам мы зможам дамагчыся таго, каб усе жыхары нашага рэгіёна сапраўды ўсведамлялі важнасць клопату аб псіхічным здароўі», – падкрэсліў кіраўнік Еўрапейскага бюро СААЗ.