Па старонках «Вожыка». Дэструктыўныя жанчыны БССР

Камсамолка, спартсменка, прыгажуня. Можна таксама дадаць: добрая маці, верная жонка плюс перадавік вытворчасці. Прыкладна так выглядала ўзорная савецкая жанчына. Тыя, хто не адпавядаў стандартам, траплялі ў тым ліку пад агонь «Вожыка» ды іншых сатырычных часопісаў.

1_397.jpg


Такія тыпажы, як хабарніцы, жанчыны з нізкай сацыяльнай адказнасцю або самагоншчыцы амаль ніколі не знікалі са старонак «Вожыка». Аднак былі і іншыя. Напрыклад, пасля вайны сталым героямі выдання аказаліся жонкі функцыянераў. Высокі сацыяльны статус і добры заробак мужа дазваляў такой жанчыне не працаваць, што ўжо раздражняла простых працоўных. «Вожыку» рэгулярна даводзілася заклікаць такіх жанчын быць больш сціплымі.
З пункту гледжання цяперашняга беларуса, напэўна, незразумелыя медыя-кампаніі супраць жанчын-аматараў частых шлюбаў. Магчыма, такія жанчыны не выконвалі план, думаючы пра чарговы раман? А можа, яны былі пагрозай для іншых сямей, разбураючы тым самым ячэйку сацыялістычнага грамадства? Так ці інакш, да падобных сябровак той жа «Вожык» быў бязлітасны.

2_364.jpg

Недзе ў 60-я перавага прапіскі ў горадзе стала для некаторых дзяўчат з перыферыі адназначна відавочнай. Каб стаць той жа мінчанкай або віцяблянкай, правінцыялкі прыдумлялі розныя схемы. Напрыклад, можна было завесці флірт з будучым аспірантам, якога пасля заканчэння ВНУ дакладна не размяркуюць у вёску. Праўда, як сведчыць карыкатура, у гэтай справе можна было і жорстка прамахнуцца.

3_330.jpg

Хранічны дэфіцыт усяго на рубяжы 60-70-х нараджаў у савецкіх беларусак розныя формы рашэння праблемы. Сярод іх забег па крамах падчас працоўнага дня, калі чэргі там былі не такія вялікія. Пачынаючы з сярэдзіны 60-х гэтая практыка набыла такія маштабы, што для барацьбы з ёй давялося мабілізаваць сатырыкаў.

4_316.jpg

Яшчэ адна незвычайная катэгорыя — аматаркі моды. Жанчынам у той час навязвалася ўстаноўка насіць тое, што прадаецца ў звычайных крамах, а не ганяцца за прыгожым адзеннем. Яшчэ больш ад таго ж «Вожыка» даставалася жанчынам, якія пераймалі моду з Захаду. Так, у 70-я на старонках часопіса любілі смяяцца з прыхільнікаў стылю субкультуры хіпі.

5_295.jpg

Але ў нефармальным першынстве «найбольш экстравагантнай антысацыяльнай жанчыны БССР» першае месца адназначна займае гераіня карыкатур часоў перабудовы. Тады ў «Вожыку» высмейвалі раўнівых супрацоўніц апарату КПСС, якія скардзіліся ў партструктуры на сваіх сужэнцаў. Паколькі выключэнне з партыі за амаральныя паводзіны азначала крыж на кар’еры, аматары «хадзіць налева» вымушана станавіліся вернымі сем’янінамі.
Зрэшты, трэба канстатаваць, што напярэдадні 8 сакавіка «Вожык» ніколі не дзяліў беларускіх жанчын на станоўчых і тых, хто часова адхіліўся ад курсу партыі. Проста віншаваў усіх.

6_193.jpg