Даклад беларускага спецдакладчыка ААН выклікаў скандал у Зімбабве
Алена Доўгань выпускала даклады пра ўплыў санкцый у
рэжымах, якія супрацоўнічаюць з Мінскім. Журналіст-даследчык з Зімбабве
падазрае яе ў жаданні выгарадзіць гэтыя рэжымы, піша Thinktanks.by.
Эммерсан Мнангагва падчас візіту ў Беларусь, 2019 год. Фота house.gov.by
Алена Доўгань выпускала даклады пра ўплыў санкцый у рэжымах, якія супрацоўнічаюць з Мінскім. Журналіст-расследвальнік з Зімбабве падазрае яе ў жаданні выгарадзіць гэтыя рэжымы.
На чарговы скандал, звязаны з Беларуссю і Зімбабве, звярнуў увагу гісторык Аляксандр Фрыдман.
Гаворка ідзе пра даклад беларускага спецдакладчыка ААН Алены Доўгань наконт Зімбабве.
Алена Доўгань з'яўляецца прафесарам кафедры дзяржаўнага кіравання БДУ, а таксама "спецыяльным дакладчыкам ААН па негатыўным уплыве аднабаковых прымусовых мер на правы чалавека".
У гэтай якасці спецдакладчыка яна наведала Зімбабве, а па выніках паездкі прадставіла даклад.
"Даклад у цэлым задаволіць аўтарытарны рэжым у Харарэ — ключавога партнёра Беларусі ў Афрыцы. Да гэтага Доўгань ужо выпускала аналагічныя даклады аб іншых саюзніках афіцыйнага Мінска — Катары, Сірыі і Венесуэле", — адзначыў Александр Фрыдман.
Зімбабвійскі журналіст-даследчык Хоўпвэл Чынона (Hopewell Chin'ono) прааналізаваў даклад Доўгань і выявіў там "самаплагіят": часткі з венесуэльскага дакладу скапіяваныя ў даклад зімбабвійскі. Журналіст апублікаваў фота абодвух дакладаў з паўтаральнымі часткамі.
Хоўпвел Чынона абвінавачвае беларускага спецдакладчыка ў імкненні выгарадзіць рэжым прэзідэнта Эмерсана Мнангагвы.
Алена Доўгань стала незалежным міжнародным экспертам СПЧ па негатыўным уплыве аднабаковых прымусовых мер на правы чалавека ў 2020 годзе. У сваёй першай заяве ў гэтым статусе яна заклікала зняць ці хаця б прыпыніць на час пандэміі COVID-19 уведзеныя ў дачыненні да шэрагу краін эканамічныя санкцыі.