Да лідара БНФ Рыгора Кастусёва ў СІЗА КДБ не пусцілі адваката
Прычын, па якіх сустрэча немагчымая, адвакату не назвалі.
Да зняволенага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога трымаюць у следчым ізалятары КДБ, не дапусцілі адваката. Прычын не назвалі. Пра гэта паведаміў зяць палітыка Зміцер Антончык. Ён кажа, што адвакату паабяцалі паведаміць, калі ён зможа сустрэцца з кліентам, перадае «Радыё Свабода».
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка і позна ўвечары дачцэ палітыка паведамілі, што яго падазраюць па крымінальнай справе і знаходзіцца ён у Мінску.
На наступны дзень затрымалі на некалькі гадзін і Змітра Антончыка. У яго прысутнасці сілавікі правялі ператрус на лецішчы. З тлумачэння супрацоўнікаў Зміцер зразумеў, што Рыгора Кастусёва падазраюць у дзеяннях, скіраваных на захоп улады. На лецішчы забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі, страйкбольны аўтамат.
Пазней у шклоўскай кватэры Кастусёва яго дзеці знайшлі паперу з імёнамі, як яны мяркуюць, супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі. Прыкмет ператрусу не было, усе рэчы Кастусёва засталіся на сваіх месцах.
13 красавіка Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведаміў пра затрыманне Кастусёва «у рамках расследавання распачатай крымінальнай справы паводле арт. 108 КПК Рэспублікі Беларусь па непасрэдным падазрэнні ў здзяйсненні злачынства». У паведамленні гаварылася і пра зняволенне літаратара і палітолага Аляксандра Фядуты. Ён знік у Маскве.