Да Кастуся Шыталя прыйшла міліцыя браць паказанні супраць калегі-журналіста
Да блогера і грамадскага актывіста з Параф’янава Докшыцкага раёна Кастуся Шыталя 7 снежня наведалася міліцыя. Капітан міліцыі з Докшыцкага РАУС збіраў звесткі наконт незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача.
Міліцыянт паказаў фотаздымак Лупача і паведаміў, што на журналіста складаецца адміністрацыйная справа. У гутарцы ўзгадаў пра ролік на YouTube тэлеканала “Белсат” пра збор подпісаў за прыпынак хуткаснага цягніка-Мінск-Полацк на станцыі Параф’янаў. Потым міліцыянт папрасіў Кастуся Шыталя апазнаць гэтага чалавека і прыгадаць, хто ў яго браў інтэрв’ю, калі ён збіраў подпісы ў жыхароў Параф’янава Докшыцкага раёна.
Па словах Шыталя, міліцыянт паводзіў сябе карэктна, сказаў, што прыехаў апытаць яго ў якасці сведкі замест участковага маёра Сяргея Букаты, бо зараз той знаходзіцца ў адпачынку. На гэта Кастусь адказаў, што не памятае, у які дзень лістапада збіраў подпісы ў людзей на рынку і хто яго здымаў у той дзень таксама.
Як зазначае Шыталь, у якасці сведкаў міліцыянт збіраўся апытваць яшчэ двух герояў з відэароліка, хоць у субтытрах прозвішчы жыхароў не называюцца. Быў агульны подпіс: жыхары Параф’янава.
Зміцер Лупач, калі даведаўся, што на яго міліцыянты зноў распачынаюць справу, сказаў так:
“Няма ўжо ніякіх слоў! Аб адным толькі шкадую, што 23 снежня (дзень яго народзінаў) будзе субота, выходны дзень, бо прызначаць суд на дзень народзінаў для нашай улады стала завядзёнкай. Яна лічыць, што такім спосабам псуе настрой людзям, але для многіх гэта як і падарунак, бо бачна, што працуеш недарэмна, твая праца мае ўплыў”.
Паводле baj.by