Вольга Чайчыц: «Я працую там, куды не даязджаюць іншыя журналісты»

Сёння суд Дзяржынскага раёна пакараў журналістку «Белсату» Вольгу Чайчыц і аператара Андруся Козела штрафамі ў 30 базавых велічыняў (690 рублёў) з кожнага.

Вольга Чайчыц

Вольга Чайчыц

Суддзя Іна Шайко прызнала іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі (арт. 22.9 КоАП РБ).

Рэпарцёрскі дуэт Чайчыц і Козела спецыялізуецца на асвятленні акцый пратэсту, а таксама вострасацыяльных праблем, у асноўным — у рэгіёнах Беларусі. Напачатку лістапада яны падрыхтавалі для «Белсату» сюжэт пра канфлікт паміж чыноўнікамі і хворай кабетай на Дзяржыншчыне: апошняй не даюць новую хату, хаця яе цяперашняе жытло было прызнана непрыдатным яшчэ ў 2009 годзе.

 

 

Мясцовыя чыноўнікі ж заявілі журналістам, што не могуць даць жанчыне новую хату ў мястэчку Негарэлае, бо тады «іх абвінавацяць у карупцыі». Менавіта старшыня Негарэльскага сельсавету Васіль Гаркаўчук і спецыяліст па зваротах грамадзян Дзяржынскага выканкаму Аляксей Свірскі выступілі як сведкі на судзе над «белсатаўцамі».

«Сюжэт мне не спадабаўся, бо мяне назвалі «чыноўнікам», для мяне гэта слова абразлівае, я — старшыня сельсавету», — сказаў Гаркаўчук.

8 снежня Чайчыц і Козела зноў будуць судзіць, гэтым разам — за стрым. Гаворка ідзе пра стрым з суду над журналістамі «Белсату» за папярэднія стрымы.

Акрамя таго, праваахоўнікам не спадабаўся рэпартаж карэспандэнтаў «Белсату» пра тое, як мінчукі змагаюцца супраць ушчыльнення ў цэнтры гораду. Нагадаем, памежны камітэт збіраецца ўзвесці будынак у двары жылога дому, але яго жыхары не пагаджаюцца з такімі планамі дзяржструктуры і папрасілі асвятляць іх змаганне.

 

 

«Часцей за ўсё мы працуем у рэгіёнах Беларусі, людзі звяртаюцца да нас, распавядаюць пра свае праблемы. Я еду туды і працую там, куды не даязджаюць іншыя журналісты. А ўладам пасля гэтага нічога не застаецца, як адрэагаваць. Але замест таго, каб змагацца з рэальнымі праблемамі людзей, яны змагаюцца са мной», – каментуе Вольга Чайчыц рашэнне суду. 

*** 

Нагадаем, толькі за бягучы год колькасць адміністратыўных справаў, распачатых у дачыненні да незалежных журналістыў, у тым ліку фрылансераў, якія рабілі сюжэты для нашага тэлеканалу, перавысіла 85.

Нягледзячы на ціск уладаў, журналісты «Белсату» працягваюць працаваць для вас: здымаць сюжэты, весці стрымы, пісаць артыкулы, перадаваць самыя актуальныя навіны. 

Кацярына Андрэева, belsat.eu