Чыноўнікі забаранілі праваабаронцу казаць віцебчукам пра правы «дармаедаў»
Праваабаронца Леанід Свецік збіраўся 15 лютага тлумачыць палажэнні так званага дэкрэту«аб дармаедах» жыхарам Віцебску, дзеля чаго падаў заяўку на правядзенне пікета ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну гораду. Аднак мясцовыя ўлады пікет забаранілі.
Намесніца кіраўніка раённай адміністрацыі Наталля Ляпёшкіна патлумачыла прычыну забароны банальна: заяўнік, маўляў, не далучыў да сваёй заяўкі дамоваў, прадугледжаных рашэннем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», паведамляе Віцебская вясна. Маюцца на ўвазе дамовы са службамі ЖКГ, аховы правапарадку і медыцыны, якія трэба заключаць загадзя, яшчэ да атрымання дазволу на правядзенне мерапрыемства. Але, як паказала практыка, зрабіць гэта немагчыма.
Леанід Свецік прадбачыў, што менавіта адсутнасць дамоваў можа стаць фармальнай прычынай незадавальнення яго заяўкі. «Адмова на падставе непадачы дамоваў будзе ўспрынятая мною як свядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў...», — напісаў ён у заяўцы на пікет. Аднак ані гэтыя словы, ані спасылкі праваабаронцы на артыкулы Канстытуцыі, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох не паўплывалі на вердыкт адміністрацыі раёну.
Ужо блізка што восем гадоў згаданае рашэнне гарвыканкаму дае віцебскім мясцовым уладам быццам бы на законных падставах забараняць усе не пажаданыя для іх спробы грамадзян публічна выказаць свае грамадзянскія і палітычныя меркаванні.
Тым часам падаткавікі, кіруючыся дэкрэтам №3, наконт палажэнняў якога хацеў выказацца віцебскі праваабаронца на пікеце, залічылі ў т.зв. «дармаеды» звыш 450 тысяч жыхароў краіны. Кожны дзясяты з іх ужо заплаціў прадугледжаны дэкрэтам падатак...