Чатыры былыя фігуранты "Справы патрыётаў» патрабуюць кампенсацыю маральнай шкоды
Былыя фігуранты справы «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў накіравалі калектыўны грамадзянскі пазоў у суд Маскоўскага раёна Мінска.
Пазоўнікі просяць кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Адказнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў.
Папярэдняе судовае слуханне прызначана на 27 сакавіка, 14.30. Справу будзе разглядаць суддзя суда Маскоўскага раёна Вольга Краўчанка.
У сваім пазове былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” спасылаюцца на артыкулы 939 і 968-970 Грамадзянскага кодэксу РБ, якія прадугледжваюць пакрыццё маральнай шкоды за кошт дзяржаўнай казны незалежна ад віны таго, хто нанёс шкоду.
Пазоўнікі лічаць, што яны мусяць атрымаць грашовую кампенсацыю, бо ўвесь той час, які правялі за кратамі, а таксама пасля вызвалення адчувалі вялікія маральныя пакуты. Так, адзін з пазоўнікаў Сяргей Стрыбульскі кажа, што вырашыў дамагацца кампенсацыі менавіта з-за сваёй трывогі за блізкіх, сяброў і з-за іх перажыванняў за ягоны лёс. Былы фігурат гучнай справы больш за ўсё шкадуе пра скрадзены час. Таксама пазоўнікі звязваюць свае маральныя пакуты з пачуццём прыніжэння гонару і годнасці ў выніку дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ, з пачуццём прававой неабароненасці, з прымяншэннем для некаторых з іх сацыяльнага і прафесійнага статусу і г.д.
Падчас папярэдняга слухання ў Дундукова, Мароза, Стрыбульскага і Данілава будзе магчымасць прадставіць усе доказы па сутнасці справы, то бок падрабязна распавесці пра абставіны, якія паўплывалі на іх маральны стан падчас зняволення і пасля яго.