Чаму рэжым кашмарыць медцэнтр «Новы зрок»? Меркаванні медыкаў
Што стаіць за крымінальнай справай супраць вядомай прыватнай клінікі «Новы зрок» і затрыманьнямі кіраўнікоў кампаній, якія пастаўлялі лекі і мэдычныя тавары? «Св*бода» спытала пра гэта ў мэдыкаў, якія з'ехалі з Беларусі.
— Дзяржкантроль заявіў, што падазрае вядомую прыватную
афтальмалягічную клініку «Новы зрок» ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. На
ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі завялі крымінальную справу.
Сьледзтва сьцьвярджае, што пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру
выплачвалі «заробкі ў канвэртах». Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі
заробак такім чынам, абыходзячы падаткі. У Камітэце дзяржкантролю кажуць, што
фінансавая шкода дзяржаве перавысіла 2,5 млн рублёў. Гэта афіцыйная інфармацыя. Станіслаў, што
стаіць за ўсім гэтым?
Станіслаў Салавей (прадстаўнік незалежнага прафсаюзу беларускіх мэдыкаў «Панацэя», гінэколяг і доктар ультрагукавой дыягностыкі): За ўсім стаяць грошы. Я мяркую, што гэта спаборніцтва паміж сілавікамі, хто зь іх знойдзе больш грошай на карысьць дзяржавы. Выстаўляюць рахунак — плаціце, або мы вас арыштуем. Наконт таго, што паведамляюць дзяржаўныя СМІ пра тое, у чым іх абвінавачваюць, я ня бачу магчымасьці давяраць прапагандыстам — яны гэтаксама могуць сказаць, што тыя рыхтавалі дзяржаўны пераварот ці акупацыю Ізраілю. Тут толькі адно — плаціце грошы. Уладальнік цэнтру не знаходзіцца ў краіне, і ён будзе вырашаць цяпер, што будзе больш выгадна — заплаціць грошы, штраф, які выставяць, або ўвогуле сысьці зь бізнэсу ў Беларусі. Зьменяць яны кіраўніцтва, паставяць на чале нейкага чыноўніка ад мэдыцыны, скажуць, што вось гэта цяпер дырэктар і гэта «дзяржаўная прыватная клініка», але ўсё роўна частка дактароў і пэрсаналу сыдзе з гэтага цэнтру незалежна ад таго, ці будзе новае кіраўніцтва, ці цяперашняе кіраўніцтва адкупіцца. Гэта новы стымул зьяжджаць лекарам.
— Афтальмалягічны цэнтар «Новы зрок» зьявіўся на арэндных
пляцоўках паліклінікі МТЗ у Менску ў канцы 90-х. Затым зьявіліся клінікі ў
іншых гарадах Беларусі, а таксама ў іншых краінах — Расеі, Латвіі, Эстоніі,
Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі. Таксама аддзяленьне клінікі заснавалі ў Літве, туды
ў 2012-м пераехаў Алег Каўрыгін. Пазьней улады падазравалі яго ў кантрабандзе
мэдычнага абсталяваньня, аднак справу закрылі. Цяпер ён у Літве. Лідзія, што б
вы маглі сказаць пра значэньне гэтай кампаніі ў прыватным мэдычным бізнэсе
Беларусі і цяперашніх мэтах улады?
Лідзія Тарасенка (прадстаўніца Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці, гастраэнтэроляг і эндаскапіст): Важны агульны кантэкст. Калі б у прававой дзяржаве, дзе працуюць законы і Канстытуцыя, ішла б размова пра тое, што ўладальнік прыватнай мэдычнай кампаніі задзейнічаны ў нейкіх шэрых схемах, гэта быў бы вялікі скандал і вялікая пляма на рэпутацыі кампаніі і чалавека. Тут у краіне ва ўладзе людзі, якім абсалютна напляваць на законы. Таму, на жаль, мы ня можам верыць нічому, што паходзіць з праўладных дзяржаўных СМІ.
Кампанія, якая працуе ўжо амаль 30 гадоў, канечне, мае
вялікае значэньне для мэдычнага рынку працы. Ён у Беларусі невялікі, і любы
такі мэдычны цэнтар — гэта сур’ёзная дапамога ў рынку працы. Гэта добры
працадаўца. Гэта нядрэнныя, а то і высокай якасьці мэдычныя паслугі, апэрацыі,
якія там робяць. Я ведаю, што там працавалі якасныя, клясныя спэцыялісты,
дактары і сярэдні мэдычны пэрсанал, якія рабілі добрыя апэрацыі і сапраўды
дапамагалі людзям. Гэта быў добра арганізаваны бізнэс, пацыенты, якія могуць
давяраць арганізацыі, якая працуе шмат гадоў на рынку. Ці быў факт парушэньня
заканадаўства? Калі ў краіне ўсім не да законаў, то злачынцы будуць увогуле
ўсе. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. І гэта зусім не перабольшаньне.