Чалавек выказаўся пра Лукашэнку на прыёме ў псіхіятра, а лекарка выдала гэта міліцыі
Пра гэта піша «Свабода».
На актывіста Юрыя Кавалёва, які жыве ў Чачэрску Гомельскай вобласці, завялі крымінальную справу паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза прэзідэнта»).
«На мяне крымінальную справу распачалі за тое, што сказаў праўду. Быў на прыёме ў лекара-псіхіятра, праходзіў камісію на права кіравання аўтамабілем. Ну, і выказаўся.... А лекарка паведаміла ў міліцыю тое, што я сказаў», — распавёў «Свабодзе» Юры Кавалёў.
Ён у 2020-2021 гадах шмат разоў трапляў на «суткі» за «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы».
«Дзе я толькі ні сядзеў: і ў Брагіне, і ў Гомелі, і ў Чачэрску, і ў Буда-Кашалёве. Цяпер яшчэ і праводзілі са мной судова-медыцынскую экспертызу», — дадаў жыхар Чачэрску.
Падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі Юры Кавалёў агітаваў за Святлану Ціханоўскую. Яго сын Арцём уцёк ад пераследу амапаўцаў. Нявестка Кавалёва Кацярына засталася з дваімі дзецьмі, якім 4 месяцы і 4 гады.