CК пра «справу БелТА»: Аб суровых мерах пакарання ў перспектыве гаворкі быць не можа
Злачынства, здзейсненае фігурантамі так званай «справы БелТА», не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1» 6 верасня.
"З пункта гледжання следчай сітуацыі — банальная, простая справа. Яна ніякай складанасці не ўяўляе ў расследаванні. Іншая справа, што тут былі закранутыя журналісты, і [яна] атрымала на пустым месцы такі шырокі грамадскі рэзананс”, — сказаў Наскевіч.
"Злачынства гэта не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, і, ну, напэўна, пра суровыя меры пакарання ў перспектыве гаворкі быць не можа, — адзначыў кіраўнік камітэта. — Але, тым не менш, факт ёсць факт, і гэта прэцэдэнт”.
"Я думаю, што расследаванне па гэтай справе не зацягнецца. Проста ў нас крыху затрымка з аглядам усёй канфіскаванай тэхнікі, а так, у прынцыпе, мы гатовыя да завяршальнай стадыі расследавання”, — паведаміў Наскевіч.
7 жніўня Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".
Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Паводле паведамлення СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".
"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміла 7 жніўня прэс-служба СК.
У рэдакцыях незалежных СМІ і ў некаторых журналістаў і рэдактараў 7—9 жніўня прайшлі вобыскі. Былі таксама затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, рэдактары ТАА "ТутБай Медыя" Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Павел Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.
БелаПАН