Ці варта прызнаць Барановіча палітвязнем?

У сацыяльных сетках разгарнуліся буйныя спрэчкі вакол баксёра-аматара і былога палітвязня Святаслава Барановіча, якога надоечы беларуская Феміда адправіла на нары. Сэнс дыскусіі — ці варта прызнаваць Барановіча палітвязнем. І тут узніклі сапраўдныя жарсці. Прапануем погляд Ганны Шапуцька і Алеся Бяляцкага.

 vialejka.info

 vialejka.info

12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў грамадскага актывіста Святаслава Барановіча вінаватым ва ўчыненні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Справа ў тым, што летась 15 сакавіка фігурант крымінальнай справы бараніў прадстаўнікоў анархісцкага руху ад невядомых асобаў у цывільным, якія напалі на маладзёнаў у тралейбусе на Плошчы Бангалор у сталіцы пасля акцыі пратэсту «недармаедаў». Пры гэтым, як прызнаўся сам Барановіч, ён нанёс некалькі ўдараў невядомым асобам, апранутым у чорнае, без апазнавальных знакаў. Бок абвінавачання сцвярджаў, што некалькімі ўдарамі Святаслаў Барановіч паваліў долу супрацоўніка АМАПу Арцёма Паўлава. Падзеі адбываліся ў сакавіку, але Барановіча затрымалі толькі праз паўгода, у кастрычніку. Чаму? Добрае пытанне.
Першапачаткова крымінальная справа была заведзеная па артыкуле за хуліганства, але пазней была перакваліфікаваная ў «гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». І вось — тры гады няволі.
Адразу ўзнікла пытанне, ці будзе Святаслаў Барановіч прызнаны палітычным вязнем. Некаторыя беларускія праваабарончыя арганізацыі — «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт — з жалем адзначылі, што не могуць гэтага зрабіць, бо падсудны сапраўды ўчыніў гвалт адносна іншага чалавека. Грамадкія актывісты ў даволі вялікай колькасці не пагадзіліся з праваабаронцамі і абрынуліся на іх з крытыкай.
«Новы Час» прапануе меркаванні прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы «За волю» Ганны Шыпуцькі і старшыні ліквідаванага ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.


Ганна Шапуцька:

Фота з фейсбуку

Фота з фейсбуку

З пункту гледжання ўдзельнікаў форуму «Свабоду палітвязням Беларусі» Барановіч з’яўляецца палітвязнем. У яго справе ёсць палітычная матывацыя — як з боку ўладаў, так і з боку самога Барановіча. Ад самага пачатку былі парушаныя правы Барановіча пры яго затрыманні, а пасля суду адпалі ўсе пытанні, якія маглі б і быць.
Самаго судовага працэсу як такога не было.
Не было даказана, што Барановіч збіваў супрацоўніка міліцыі, бо калі нават гэта і былі супрацоўнікі міліцыі, то яны не прадстаўляліся, яны не былі ў форме. Яны парушылі і заканадаўства аб праваахоўных органах, усе свае інструкцыі і, па вялікім рахунку, яны мусілі сядзець на лаве падсудных за збіццё людзей пасля мірнай акцыі.
Прысуд Барановічу — тры гады пазбаўлення волі — гэта жахліва, але гэта не было шокам, бо мы добра ведаем, у якой краіне мы жывем, што законы ў нас не дзейнічаюць, а сапраўдных судоў няма. Зараз трэба рабіць усё, каб гэты прысуд быў ануляваны. Інакш будуць яшчэ горшыя справы, чым справа Барановіча.
Мы прызналі Барановіча згодна з крытэрыямі Рады Еўропы палітвязнем, але некаторыя праваабаронцы кшталту «Вясны» і Беларускага Хельсінкскага камітэту так не лічаць. Гэта і выклікала моцную палеміку ў сацыяльных сетках.
Як лічаць праваабаронцы, паводле прынятых імі крытэрыяў, чалавек, які ўжыў гвалт дачынна нейкага іншага, не можа лічыцца палітвязнем. А гэта супярэчыць крытэрыям Рады Еўропы і «Міжнароднай амністыі» (Amnesty International), бо згодна іх крытэрам, толькі тэрарысты не могуць быць палітычнымі вязнямі, і тое толькі тады, калі іх віна даказаная праз суд на сто адсоткаў. Улада карыстаецца тым, што ў «Вясны» і БХК такая слабая пазіцыя, бо яны абмежавалі крытэрыі МА і Рады Еўропы, таму ўлада можа кожнага чалавека падвесці пад нейкі гвалт. Варта згадаць справу таго ж Андрэя Кіма, якога праваабаронцы ў свой час таксама не прызналі палітвязнем у 2008 годзе.

Алесь Бяляцкі:

Нашы прынцыпы прызнання палітвязняў — негвалтоўны супраціў. Гэта не мусіць быць ужыванне сілы, гэта магчыма толькі ў тых выпадках, калі ты сябе бароніш. А на відэа выразна бачна, што міліцыянты ў той момант не ўжывалі гвалт, хоць відэа магло быць і не поўным.
Важнымі былі і ўласныя паказанні Барановіча, калі яго затрымалі. На жаль, ян сказаў, што ведаў, што гэта міліцыянты. Нягледзячы на тое, што яны былі ў цывільным.
Мы карыстаемся агульнымі міжнароднымі стандартамі, мы за іх трымаемся, і гэта прынцыпова для нас, таму што сёння адна сітуацыя, а заўтра — другая. Гэтыя стандарты даюць нам магчымасць аб’ектыўна глядзець на такія справы. Так, там можна казаць, што і з боку міліцыі сітуацыя была неадназначная, але і з боку анархістаў, якія мелі закрытыя твары на дазволенай акцыі — не зразумела, што было рабіць? Калі акцыя дазволеная, то нашто закрываць твары?
Адна правакацыя пацягнула другую правакацыю з боку пераапранутых міліцыянтаў. Барановіч апынуўся міжволі ўдзельнікам, які меў пэўны парыў душы, які, на жаль, не ўпісваецца ў праваабарончыя стандарты. Па-чалавечы я яго разумею, а з іншага боку, адназначна нельга распускаць рукі. Гэта пасыл усім грамадскім актывістам: калі ты ўдзельнічаеш у грамадскай акцыі, у адкрытых мерапрыемствах, ты бярэш на сябе пэўныя абавязкі, і трэба дакладна разумець, што ўжыванне гвалту ні ў якім выпадку — прынамсі, намі — не будзе вітацца. Толькі ў выпадку самаабароны. Тады, калі ты сябе бароніш альбо калі кагосьці, каго збіваюць, тады можаш у дапушчальных межах бараніць гэтага чалавека ці сябе.
На жаль, Барановіч сам сказаў, што ён прызнае віну, і гэта было падкрэслена некалькі разоў, падчас следства і судовага разбіральніцтва, на якім мы прысутнічалі і ўважліва адсочвалі гэты працэс. І, нарэшце, у апошнім слове гэта прагучала, таму пэўная доля віны на ім ёсць. Іншая справа, што можна казаць пра адпаведнасць ці неадпаведнасць пакарання, але гэта ўжо іншая дыскусія, якая датычыць нашай сістэмы пакарання, якая мае такі склад і характар, калі, да прыкладу, за паўграма марыхуаны могуць даць дзесяць гадоў.
Я не думаю, што ў гэтай сітуацыі такі запал карысны. Трэба цвяроза падыходзіць. Тым, хто лічыць яго героем, — калі ласка, мы нічога супраць не маем. Але трэба разумець, што праваабаронцы тут не ёсць крайнімі. Гэта наша агульная сістэма — абмежаванні пры правядзенні грамадскіх акцыяў. У той жа час мусіць быць і разуменне грамадскіх актывістаў — яшчэ раз падкрэсліваю — што, калі ты выходзіш на грамадскую акцыю, ты бярэш пэўныя абавязкі. Я б рэкамендаваў нікому не махаць рукамі ў такіх сітуацыях.