Ці прыбяруць з беларускіх кавярняў і рэстаранаў залы для палення?
У месцах грамадскага харчавання плануюць забараніць паленне.
Намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч паведаміла, што новаўвядзенні прапісаныя ў адпаведным праекце дэкрэта. Пры гэтым чыноўніца расказала, што паленне будзе забароненае, за выключэннем месцаў, наўмысна створаных пад гэтыя мэты.
Што гэта за месцы — курылкі на свежым паветры пры кавярнях ці столікі ўнутры іх, пакуль незразумела. Вядома толькі, што месцы павінныя адпавядаць патрабаванням МНС і Мінздароўя.
«На дадзены момант ва ўстановах грамадскага харчавання дастаткова проста рабіць залы для тых, хто паліць, — тлумачыць Віталь Навіцкі, афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі. — Але калі зменяцца законы і вырашаць, што павінныя быць спецыяльна адведзеныя месцы, то тут сапраўды пачне дзейнічаць сумесная пастанова МНС і Мінздароўя. У частцы пажарнай бяспекі патрэбна, каб не было мяккай гаручай мэблі, каб побач быў сродак пажаратушэння. Таксама там досыць вялікі набор, звязаны з санітарна-гігіенічнымі нормамі».
Пакуль папулярныя мінскія ўстановы не спяшаюцца пераабсталёўваць залы для палення.
«Калі закон выйдзе, зразумела, у нас адбудуцца змены, — каментуюць сітуацыю ў мінскім рэстаране «Грунвальд». — Пытанне ўздымаецца ўжо некалькі год. Дарэчы, у адной з нашых кавярняў у цэнтры Мінска зусім не кураць. Для нас новы закон не будзе праблемай».
Пад паленнем маецца на ўвазе не толькі спажыванне класічных тытунёвых вырабаў, але і электронныя цыгарэты ды кальяны.
Паводле Еўрарадыё