Ці можна заставацца чалавекам, калі працуеш са злачынцамі?

Пра прафесійную дэфармацыю адмыслоўцаў за час працы з крымінальнікамі, пра іх «эмацыйнае выгаранне» разважаюць беларускі міліцыянт, колішні турэмны начальнік, праваабаронцы, а таксама афіцэр швэдскай вязьніцы ды судовы перакладчык з Нямеччыны.

3e997cd9_9467_41f7_8774_ff668bc13bcb_cx0_cy6_cw0_w987_r1_s_r1.jpg


Лічыцца, што праца  людзьмі можа памалу прыводзіць да неспрыяльных псіхалагічных зменаў. У адмыслоўцаў гэты працэс завецца прафесійнай дэфармацыяй асобы. Да так званых групаў рызыкі псіхолагі найчасьцей адносяць юрыстаў, супрацоўнікаў праваахоўных структураў, турэмнікаў ды іншых, хто паводле роду сваёй дзейнасці цесна звязаны з прадстаўнікамі асацыяльных ды крымінальных групаў.
Пра прафесійную дэфармацыю адмыслоўцаў за час працы з крымінальнікамі, пра іх «эмацыйнае выгаранне» разважаюць беларускі міліцыянт, колішні турэмны начальнік, праваабаронцы, а таксама афіцэр швэдскай вязьніцы ды судовы перакладчык з Нямеччыны.


«Пасля трэцяга году працы пачаў ненавідзець пацярпелых»

Былы аператыўнік Валянцін расказвае, што звольніўся з органаў пасля 15 гадоў працы, а прыкметы прафесійнай дэфармацыі пачаў адчуваць ужо недзе на чацвёрты год службы.Гэта праяўлялася, напрыклад, у тым, што часам, углядаючыся ў твары звычайных мінакоў на вуліцы, ён пачынаў вылучаць, хто ахвяра (або хутка можа стаць ёй), а хто жулік. Потым, калі ў Валянціна пачалі падрастаць дочкі і гэты час супаў з расследаваннем спраў, звязаных з жорсткімі забойствамі ды згвалтаванямі дзяцей, аператыўнік, разглядаючы твары мінакоў, пачынаў вылучаць сярод іх маньякаў. Пры гэтым набягала хваля агрэсіі, стрымліваць сябе станавілася ўсё цяжэй.
Пасля трэцяга году працы ў міліцыі Валянцін пачаў адчуваць, што ён абсалютна абыякавы да чужога гора, нярэдка чуў на свой адрас слова «бяздушны». Больш за тое, ён пачаў ненавідзець пацярпелых, бо гэта была падстава для няспыннай працы, якой і так было цераз край. Пастаянныя кантакты са злачынным асяродззем «узбагацілі» лексыку блатнымі словамі, гэты слэнг ён ужываў усюды — і на працы, і па-за ёй.
Валянцін лічыць, што кантынгент, з якім стала працуюць апэратыўнікі, хочуць яны таго ці не, уплывае на іх. І яны памалу несвядома пераймаюць ня толькі лексіку, але і пэўныя паводзіны, рысы характару. Такая спецыфіка працы ў міліцыі. Такое здарылася са многімі яго калегамі пасля трох-чатырох гадоў працы ў органах. Прафесійная дэфармацыя, якую можна назваць дэградацыяй, рэч страшная. Міліцыянты становяцца цынічнымі, злымі... Яны лічаць, што іх задача — каб «злодзей сядзеў у турме». А насамрэч жа прызначэнне праваахоўнікаў ня ў тым, каб «злодзей сядзеў у турме», не ў пасадках людзей за краты, а ў тым, каб дапамагаць пацярпелым, нават тым жа парушальнікам закону, якія валяюцца на вуліцах, каб у іх не аднялі грошы, не збілі і г.д.
«Калегі не развіваюцца прафесійна, ня ўмеюць пераключацца, — кажа Валянцін. — Памятаю, як падчас працы ў органах, калі ў мяне раптам здараліся два выходныя запар, я ня ведаў, што з імі рабіць. Пачаў разумець сваё становішча, калі цяжка захварэла жонка і прыйшло ўсведамленне таго, што трэба многае мяняць у жыцці»…


«Нярэдка чалавек і сам ня можа патлумачыць, адкуль у яго гэтая агрэсія»

Алена Красоўская-Каспяровіч у сваім жыцці зьмяніла шэраг прафесій, як яна кажа, «нервова-аголеных напрамкаў»: рэанімацыйная медычная сястра ў аддзяленні анкалогіі, медычная сястра ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі, праваабаронца. Цяпер яна лідар грамадскага аб’яднання «Рэгіён 110», якое абараняе правы чалавека за кратамі. І з уласнага досведу, і з доседу многіх сваіх калегаў ведае, што такое прафесійная дэфармацыя асобы і так званае эмацыйнае выгаранне, да якога тая прыводзіць.

Алена Красоўская-Каспяровіч

Алена Красоўская-Каспяровіч


Красоўская-Каспяровіч: «Нярэдка чалавек і сам не можа патлумачыць, адкуль у яго гэтая агрэсія. Але калі ты стала нясеш на сабе гэты цяжар кантактаў з людзьмі, якія маюць цяжкія захворванні або вялікія праблемы з законам, з кожным днём трымаць сябе ў рамках усё цяжэй.
Свой працоўны шлях я пачынала з медыцыны, а менавіта з рэанімацыі ў анкалогіі. Я ўбачыла ўсю глыбіню гора, якая там прысутнічае. Першы час, вяртаючыся дадому, я магла толькі плакаць, бо на самой працы я ня мела на гэта права. Зразумела, мае сямейнікі пакутавалі ад гэтага. Потым, аднак, прыйшло разумене, што прафесійная спагада медыка — не ў слязах, а ў рэальнай дапамозе. Аднак нават пры такім падыходзе эмоцыі нікуды не сыходзяць... Што да медычнай турэмнай установы, дык тут да медычнай спецыфікі дадаецца яшчэ турэмная. Табе шкада ня толькі цяжкіх хворых, але ўсіх, ты слухаеш гісторыі пра тое, якія ўсе невінаватыя, ты хочаш усім рэальна дапамагчы, кідаесся грудзьмі на амбразуру. Потым адзін, другі, пяты, дзясяты раз ты разумееш, што цябе ашукалі, падставілі, — і ў цябе ўключаецца рэакцыя абароны. Спачуваць не перастаеш, але перастаеш слепа давяраць словам... ».
Падобныя перажыванні здараюцца, зразумела, ня толькі ў медыкаў, але і ў іншых адмыслоўцаў, чыя праца, як кажа наша суразмоўніца, «нервова-аголеная»: гэта турэмнікі, аператыўнікі, адвакаты, судзз, пракурорскія работнікі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Красоўская-Каспяровіч: Улічваючы спецыфіку працы гэтых людзей, зразумела, што яны перажываюць цяжкія стрэсы. Наша вялікая праблема ў тым, што ў нас не прынята звяртацца да псіхолагаў. Мы ня маем такой практыкі. А псіхалагічная падтрымка ды разгрузка павінна быць абавязкова. Калі кантактуеш са злачынцамі, ты ўвесь час у напружанні. Маральным, псіхалагічным і г.д. Для таго каб ня піць, трэба звяртацца да нейкіх іншых метадаў разгрузкі. На гэта павінна звяртацца ўвага яшчэ падчас прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Але, на жаль, гэтага няма. Каб здымаць негатыў, у большасці толькі адзін сродак — алкаголь».

«Калі пасля такіх кантактаў вяртаюся дадому, першым чынам іду ў душ»


Выпускнік Мінскага ін’язу Сяргей Ямшчыкоў каля трыццаці гадоў жыве і працуе ў Нямеччыне. Сёння ён запатрабаваны перакладчык з нямецкай мовы на расейскую і наадварот, таксама нярэдка запрашаецца нямецкім судом у якасці эксперта-лінгвіста. Сярод кліентуры Сяргея — тыя выхадцы з былога СССР, якія парушылі законы ФРГ. Падчас допытаў Сяргею даводзіцца глядзець відэа з запісам іхніх злачынстваў, перакладаць тыя ці іншыя тлумачэнні абвінавачаных. Кажа, былі выпадкі, калі меў справу з жорсткімі вычварэнцамі...

Сяргей Ямшчыкоў

Сяргей Ямшчыкоў


Ямшчыкоў: «Было такое. Паколькі я даваў прысягу на Канстытуцыі, то я не магу расказваць пра тое, што я бачыў, але гэта было брыдка ды агідна. Але я перакладаў гэта ўсё».
— Ці маглі вы адмовіцца ад гэтай працы?
Ямшчыкоў: «Так. Я вольны перакладчык, на прапанову суду я маю права сказаць: «выбачайце». Пры гэтым нават не тлумачыць прычын. Дарэчы, я так і рабіў, калі ўсведамляў, што для мяне нецікава, непрыемна і надта брыдка працаваць, бо маеш справу з нелюдзьмі. Пасля некаторых перакладаў я ўвогуле вырашыў для сябе больш ніколі ня брацца за працу з кліентамі, якія некага згвалтавалі ці забілі. Мне нямала гадоў, я хачу спаць спакойна. Таму вырашыў перакладаць выключна тых крымінальнікаў, якія ўчынілі нейкія побытавыя злачынствы: крадзеж, наркотыкі...
Дадам, што прафесія перакладчыка-сынхраніста нейкім чынам дапамагае мне не прапускаць усё сказанае праз сябе. Яна прывучыла мяне да свайго роду раздваення асобы падчас працы. Адно «я» — гэта маё прыватнае, якое ніякага дачынення да канкрэтнай працы ня мае, другое «я» — прафесійнае. Звонку гэта можа падацца нейкай шызафрэніяй, аднак дасведчаны сінхраніст мяне зразумее. Гэта штосьці аўтапілоту — прафесійнае «я» працуе, а прыватнае за гэтым усім назірае, не паглыбляючыся ў сэнс сказанага. Паколькі я ў прафэсіі ўжо 35 гадоў, я чамусьці навучыўся ў плане самазахавання. Напрыклад, калі пасля такіх перакладаў я вяртаюся дадому, я першым чынам іду ў душ, каб неяк адмыцца ад бруду на душы і на сэрцы. Таксама дапамагаюць розныя ментальныя практыкаванні... Гэта неяк вызваляе ад усяго брыдкага, што нібыта прыліпла да цябе».
— Многія з тых, хто вымушаны працаваць з падобнай кліентурай, чуюць на свой адрас, што яны сталі цынічнымі і нечуллівымі да бедаў іншых людзей...
Ямшчыкоў: Асабіста я лічу, што цынізм — гэта вельмі каштоўная якасць, якая патрэбная кожнаму прафесіяналу, бо пэўныя рэчы трактаваць без цынізму проста немагчыма. Аднак гэтае прафесійнае не адбіваецца на маёй персоне і асабістым жыцці. Мне здаецца, што эмпатыя — яна ўвогуле ёсць у кожнага нармальнага чалавека, а я лічу сябе амаль нармальным (смяецца). Але вось калі казаць пра спачуванне нелюдзям, то ў мяне яго зусім няма. Хоць і нянавісці ніякай няма таксама. Мяне абсалютна не цікавіць прысуд, які яны атрымалі. Я вырашыў даўно, што паміж працай і прыватным жыццём павінна быць заслона. Мой кантакт з імі заканчваецца, як толькі я выходжу з будынку, дзе яны сядзяць. І ўсё, яны для мяне больш не існуюць, я забываюся пра іх існаванне. Што з імі зробяць, на гэта ёсць толькі воля Божая».

«Турэмніку трэба перамагаць мазгамі, спрытам, але не дубінкамі»


Афіцэр шведскай вязніцы «Karlskoga» Даніэль працуе ў пенітэнцыярнай сістэме крыху болей за пяць гадоў. Кажа, што прафесійная дэфармацыя яго пакуль не закранула. Штодзённы кантакт са злачынцамі — а на турэмны пэрсанал ускладаецца задача наладжваць з імі як мага больш цесныя кантакты — ніколькі яго не напружвае. Дарэчы, у шведскіх турмах сядзельцаў называюць «кліентамі».

Шведская вязніца "Karlskoga"

Шведская вязніца "Karlskoga"


Даніэль: «Мы павінны кожны дзень кантактаваць з кліентамі, каб улавіць магчымыя перамены ды зрухі ў іхніх паводзінах ды настроях. Гэта могуць быць размовы, сумесны ўдзел у спартовых гульнях, нейкіх конкурсах. Бо ўсім зразумела, што рана ці позна ўсе яны выйдуць на волю. Ад таго, як адседзяць за кратамі, залежыць, якімі яны вернуцца ў грамадства. Калі будуць адчуваць, што да іх ставяцца па-людску, то, апынуўшыся на волі, яны вернуць адпаведныя пачуцці грамадству. Калі ж за кратамі будуць з іх здзекавацца, то, натуральна, яны захочуць адпомсціць грамадству.
Як і шмат хто з калегаў, я імкнуся па магчымасці не паглыбляцца ў дэталі крымінальных спраў кліентаў, а ставіцца да іх паводле іхніх цяперашніх учынкаў. Імкнуся ставіцца да ўсіх роўна і забываць пра працу адразу, як яна заканчваецца, цалкам пераключацца на іншыя інтарэсы. Вельмі дапамагаюць парады нашага псіхолага. Без гэтага было б значна цяжэй».

Часовае памяшканне для тых, хто можа нанесці шкоду сабе або навакольным

Часовае памяшканне для тых, хто можа нанесці шкоду сабе або навакольным


Паводле Даніэля, нават у дачыненні да самых агрэсіўных асуджаных фізычны гвалт даводзіцца выкарыстоўваць вельмі рэдка. За час сваёй працы афіцэр толькі раз ужыў сілу, заламаўшы руку кліенту. Бо той быў неадэкватны і хацеў зрабіць сабе шкоду.
Даніэль: «Трэба перамагаць мазгамі, спрытам, уласнай сілай, але не дубінкамі ці спецыяльнымі балончыкамі з перцавым газам — гэта ўся зброя, якую маюць нашы супрацоўнікі. Пры гэтым мы ведаем, што пры выкарыстанні гэтых сродкаў нам трэба пісаць доўгія тлумачальныя запіскі кіраўніцтву. І часам выкарыстанне падобных сродкаў можа выклікаць пакаранне. Крытэр прафесіяналізму турэмніка — калі той можа развязаць сітуацыю, не ўжываючы сілы. Зразумела, нельга выключаць сітуацыю, што ў турме можа раптам выбухнуць паўстанне. Але ў такой сітуацыі сюды ўжо выклічуць так званыя спецатрады».


Зняволены «заўсёды вораг»

Наколькі магчыма для супрацоўніка беларускай турмы ці калоніі заставацца нейтральным ды роўным у адносінах са зняволенымі? Ці павінна гэта быць нормай? Ці магчыма ўвогуле ў гэтых умовах заставацца адэкватным ды справядлівым чалавекам? Колішні начальнік «Валадаркі», палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які ад 2001 году жыве ў Нямеччыне, кажа: «Гэта цяжка, але можна. Трэба, каб супрацоўнік быў адукаваны. На жаль, сёння ў Беларусі гэтага няма».

Алег Алкаеў

Алег Алкаеў


Алкаеў: «Неадукаваны супрацоўнік сам не ведае, чаго хоча, бо не ведае ані сваіх правоў, ані тым больш правоў зняволеных. Калі сам закон парушаеш, ты ня можаш патрабаваць ад іншага, што яму прапісана і належыцца. Гэта перадаецца ў спадчыну, гэтаму вучацца ў вэтэранаў. Я памятаю, нам прапаноўвалі варыянт адносін з ЗК «зыходзячы з вопыту», яшчэ сталінскага. Хаця я быў кадравы афіцэр, закончыў школу міліцыі... А на месцах вучылі, што зняволены — вораг. Тады адзіным спосабам вырашэньня пытанняў быў гвалт — фізычны, маральны, няважна — гвалт... Была такая прыніжальная форма паводзінаў зняволеных, па-мойму, прынамсі да 1980 году, што асуджаны пры сустрэчы з адміністрацыяй павінен быў здымаць галаўны ўбор. Калі ён гэтага ня зробіць, маглі пасадзіць у штрафны ізалятар, бо — парушэнне рэжыму. А калі разабрацца па-людску, то якое гэта парушэнне? Што ён спрабаваў? Уцячы? Ды не. Абразіць? Не. Але было так».
— Наколькі цяжка працаваць у турме з цяжкімі злачынцамі? Якія тут асаблівасці?
Алкаеў: «Чым цяжэйшае ў чалавека злачынства, тым лягчэй з ім працаваць. У яго бытавыя праблемы адыходзяць на другі плян. У іх быў перш роздум — які ён прысуд атрымае. Яны стараліся нічога не парушаць Асабліва з асуджанымі да смяротнага пакараньня ўвогуле ніякіх праблемаў не было. У іх задача была — дзень бы пражыць ды ноч пратрымацца. А вось у хуліганаў, шпаны энергія цераз край перла... У асноўным канфлікты бываюць праз бытавыя праблемы. Нехта пакурыць захацеў не ў вызначаны час... У асноўным дробныя парушэнні. Часта проста буза была, каб разрадзіць абстаноўку, палаяцца з начальнікам, бывае такі настрой.

Галоўнае — дзейнічаць у рамках закону. Не трэба нікога прыніжаць. І гэта знаходзіла разуменне ў бандытаў. А іншы рэжымны работнік пачынае крычаць на іх: вы самі — быдла. І пераходзіць на абразы. Атрымліваецца канфлікт, камера на галадоўку пераходзіць. На роўным месцы. Таму — залежыць ад вопыту, ад адукацыі, ад умення гаварыць. Я ня буду маніць, бандыты пацвердзяць, я абыходзіўся без тэрору, дурнога, дзікага. Калі трэба было ўладу выкарыстаць, я, канечне, выкарыстоўваў, гэта бясспрэчна. Таму што калі ты ня выкарыстаеш уладу адносна аднаго, то заўтра табе батальёна ня хопіць. Гэта такая ланцуговая рэакцыя там. Нельга, каб асуджаны выходзіў пераможцам у дыялёгу з начальнікам. Калі ты прайграў, табе няма чаго рабіць у кіраўніках. Адчуецца ўмомант слабіна, і саступкі дорага абыдуцца. Саступкі павінны быць разумныя».

«Караў за незаконную сувязь з зэчкамі, садызм... Звальняў шмат»

Алкаеў: «Калі супрацоўнікі перавышалі свае паўнамоцтвы — караў. Была незаконная (палавая) сувязь. Спачатку хацелі нават за згвалтаванне крымінальную справу ўзбудзіць. Два кантралёры і дзве жанчыны лёгкіх паводзінаў, якіх ужо накіроўвалі ў калонію. Жанчынам прапанавалі каханне ў камэры за дзесяць пачкаў цыгарэт. І тыя пагадзіліся. Але ж мужыкі пакарысталіся, а цыгарэт не далі. Жанчыны паскардзіліся. Я цягам пяці хвілінаў разабраўся. Кантралёраў тут жа затрымалі. Насільна? Калі так, то распачынаем крымінальную справу. Тут гэтыя дзеўкі ўзвылі: ды мы не хацелі, хай цыгарэты дадуць. Потым разабраліся, што гвалту не было, усё па згодзе, але яны іх падманулі наконт цыгарэт. Я іх у той жа дзень звольніў без усякага жалю».

Ілюстрацыйнае фота. Жаночая калонія ў Гомелі

Ілюстрацыйнае фота. Жаночая калонія ў Гомелі


«Звальняў я нямала, — успамінае былы начальнік мінскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў, — але нікога не караў вымовай на паперы, таму што чалавек пазбаўляўся прэміі. А гэта істотная частка заробку была. Бо тады мы спараджалі здраднікаў, нішу лёгка займалі зняволеныя, яны яму грошы кампэнсавалі, і ён рабіўся іхнім. Таму я гэтую меру не выкарыстоўваў. Але звальняў адразу, калі бачыў, што гутарка ня мае ўздзеяння.
За садызм звольніў аднаго прапаршчыка. Ён, праўда, потым аднавіўся, пайшоў у міліцыю. Гэта быў выпадак садызму ў адносінах да асуджаных да смяротнага пакарання. Ён занадта заўзята паказваў сваю ўладу. Даходзіла да рукапрыкладства. Там няма чаго іх чапаць, яны й так пакорлівыя заўсёды, гэтыя людзі. Але ён матываваў, што яны забілі, камусьці балюча зрабілі, і з імі размаўляць ня трэба, яны разумеюць толькі дубінку. Але адзін раз я гэта ўбачыў — другога разу ўжо не было. Ён вырашыў перада мной пахваліцца, які ён змагар са злачыннасцю».

Наогул, кантралёры былі неадукаваныя, кажа Алег Алкаеў. У савецкія часы існавалі шасцімесячныя курсы, але потым іх ня стала, кантралёраў навучалі ў працэсе службы. Пра зняволеных жа кантралёры ведаюць шмат.

Калі даводзіцца дапамагаць самым жорсткім злачынцам


Сярод тых, каму даводзіцца працаваць і, больш за тое, дапамагаць самым жорсткім злачынцам, у тым ліку асуджаным на смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне, — адвакаты ды праваабаронцы. Калі адвакат павінен знайсці нейкія моманты, якія б палегчылі сытуацыю ягонаму кліенту, то праваабаронцы абавязаныя знаходзіць факты і ўжо на падставе іх прымаць рашэнне, дапамагаць ці не дапамагаць гэтаму чалавеку.
Гарадзенец Раман Юргель з БХК — адзіны беларускі праваабаронца, якому было дазволена спатканне з асуджаным смяротнікам. Гэта быў студэнт гістфаку БДУ Павал Сялюн, які ў свае 22 гады ўчыніў падвойнае вычварэнскае забойства. У чэрвені 2013 году калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду вынесла яму прысуд — вышэйшая мера пакарання. Праз год вырак быў выкананы.

Раман Юргель

Раман Юргель


Узгадваючы тую сустрэчу ў гарадзенскай турме, Раман Юргель адзначае, што памяшканне для спатканняў было метры чатыры ў даўжыню і два — у шырыню. Было падзеленае на невялікія адсекі. Яму і Паўлавай маці сказалі ня браць з сабой асадкі, нататнікі, фота- і аўдыёапаратуру. Размаўлялі праз шкло, праз тэлефонную слухаўку. Размова праслухоўвалася і запісвалася. Паводле Рамана, асуджанага цікавіла, «як людзі, грамадскасьць ставяцца да забойстваў», учыненых ім, і да смяротнага прысуду яму.
Алёна Красоўская-Каспяровіч — адзіная ў Беларусі праваабаронца, якая мае доступ да асуджаных на пажыццёвае зняволенне. Гэтыя людзі ўтрымліваюцца ў Жодзіне і ў Глыбокім. Паводле Алёны, агулам было недзе дзесяць такіх сустрэчаў. Размова адбываецца на адлегласці 2,5–3 мэтры. Самі асуджаныя знаходзяцца ў клетцы, а праваабаронца — каля супрацьлеглай сцяны. Гэта напружвае, асабліва асуджаных. Яны нярэдка рэагуюць на ўсё агрэсіўна.
«Кожны раз, калі даводзіцца адмаўляць, бо немагчыма дапамагчы, бо чалавек сапраўды вінаваты, — мне заўсёды шкада. Бо ў чалавека былі надзеі. Якія ня спраўдзіліся. Недзе ўнутры я адчуваю нейкую сваю віну Але праваабаронца — гэта не адвакат. Мы павінны браць факты. І на падставе іх рабіць высновы».
Алёна кажа, што з усімі імкнецца заставацца роўнай. Хоць супакоіцца потым нялёгка. Найчасьцей дапамагае ванна з кніжкай або працяглы шпацыр з сабакам.
Радыё Свабода