Ці маюць права не зразумець па-беларуску?
Паводле закону, чыноўнік павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы, статуты прадпрыемстваў мусяць быць на абедзвюх мовах. А разумець беларускую мову павінен кожны грамадзянін.
Таму, як лічыць прадстаўнік
грамадскай ініцыятывы “Умовы для мовы”
Аліна Нагорная, беларусы маюць поўнае права звяртацца да прадстаўнікоў
любых устаноў на беларускай мове:
— Беларускае заканадаўства рэгулюе гэтае пытанне. Калі вы бачыце, што прадпрыемства прынцыпова не хоча размаўляць з вамі па-беларуску, то вы можаце падаць на прадстаўніка гэтага прадпрыемства заяву за парушэнне артыкула 9.22 КаАП Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Гэты чалавек проста атрымае штраф за тое, што ён перашкаджае вам карыстацца беларускай мовай, якая з’яўляецца дзяржаўнай. Калі ён адмаўляецца вас разумець, то гэта ўжо трапляе пад фармулёўку стварэнне перашкодаў у карыстанні дзяржаўнымі мовамі. Вельмі хутка ўсе гэтыя прадпрыемствы пачынаюць беларусізавацца.
Беларуская мова можа дапамагчы ў гандлі, кажа дырэктар рэкламнага агенцтва “Куля медыя” Юрась Карэтнікаў:
— Задача тых, хто займаецца бізнесам, паказваць, што мова — гэта вельмі класна, гэта крута, гэта +10% лаяльнасці кліентаў. Мы ведаем прыклад, калі запраўка А-100 перайшла на беларускую мову, фінансава гэта быў слушны крок. Калі не ўсе супрацоўнікі нармальна ўспрымалі беларускую мову, казалі, што некаторыя беларусы не ўспрымаюць, не разумеюць, што мы хочам ад іх, але паказалі вынікі продажаў пасля першых двух месяцаў, быў прырост +10% толькі дзякуючы беларускай мове.
Апошнім часам беларускія прадпрымальнікі ўсё часцей ужываюць беларускую мову ў прасоўванні паслуг і прадукцыі, а таксама ў штодзённым карыстанні.
Ганна Комінч,
Беларускае Радыё Рацыя
https://www.racyja.com/hramadstva/tsi-mayuts-prava-ne-zrazumets-pa-belarus/