Міністр ЖКГ прызнаў, што самастойна перакладзеныя на беларускую мову дамовы маюць юрыдычную моц (дакумент)
У рэдакцыю «Новага Часу» звярнуўся маёр запасу са Слоніма Міхась Варанец, які распавёў пра сваё змаганне за права афармляць тыпавыя дакументы па-беларуску і дамогся прызнання юрыдычнай моцы саматужна перакладзеных на беларускую дамоваў.
Ніжэй прыводзім ліст Міхася Варанца.
26 кастрычніка 2018 года газета «Народная Воля» надрукавала матэрыял пра тое, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Мінска не паставіў у пашпарт кіраўніка грамадскай дырэкцыі мэмарыяла «Курапаты», адказнага сакратара ўправы сойму КХП-БНФ Алеся Чахольскага штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства. Прычына – няма штампа на беларускай мове. Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў штамп зацверджаны толькі на рускай мове. Ад рускамоўнага штампа Чахольскі адмовіўся.
5 лістапада 2018 года Слонімскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адмовіла мне ў праве падпісаць беларускамоўныя тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Прычына тая ж самая – няма бланкаў на нашай мове. Пастановай урада бланкі зацверджаныя толькі на рускай мове. Шчыра кажучы, ужо аскоміна ад такога назойлівага сэрвісу. Здаецца, нашыя міністры гатовыя не толькі ў пашпарт, а і ў ложак да чалавека залезці з пастановай, каб і там беларусы карысталіся толькі рускай мовай. Абрыдла ўсё гэта, што называецца, «перакармілі», перабор! Па прыкладзе Алеся Чахольскага, я адмовіўся падпісаць рускамоўныя тыпавыя дамовы і пачаў патрабаваць, каб урад зацвердзіў беларускамоўныя бланкі.
Праз тры месяцы Слонімскае ГУП ЖКГ, па даручэнні Міністэрства ЖКГ, пераклала тыпавыя дамовы на беларускую мову і 1 сакавіка 2019 года я падпісаў іх з агаворкай, што яны не зацверджаны ўрадам, а ў лісце на адрас прэм’ер-міністра Сяргея Румаса назваў гэтыя слонімскія саматужныя дамовы «фількавымі граматамі», падрыхтаванымі ў адным экземпляры эксклюзіўна для Міхася Варанца.
Ва ўрадзе не пагадзіліся з такой маёй ацэнкай «нарматыўнай прававой» дзейнасці слонімскіх камунальнікаў і іхніх начальнікаў з Мінжылкамгаса.
Па даручэнні намесніка прэм’ер-міністра міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў у пісьме ад 10 траўня 2019 года паведаміў мне наступнае:
«Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.01.2009 № 99 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (далей – пастанова № 99) зацверджаны на рускай мове тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі…
Разам з тым, пераклад дагавора на адну з дзяржаўных моў не можа разглядацца як змяненне істотных умоў дагавора, змешчаных у зацверджанай тыпавой форме. Такое ж меркаванне таксама было выказана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь…
У сувязі з гэтым, перакладзеныя Слонімскім гарадскім унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, якія аказваюцца гэтым прадпрыемствам, без змянення істотных умоў гэтых дагавораў, маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджаныя на рускай мове пастановай № 99».
Цікавая навіна! З пісьма Церахава лагічна вынікае, што мясцовыя дзяржаўныя органы смела могуць саматужна перакладаць на беларускую мову нарматыўныя прававыя акты, зацверджаныя ўрадам і міністэрствамі! Карыстаючыся магчымасцю, праз газету «Новы Час» перадаю гэтую радасную вестку шаноўнаму Алесю Чахольскаму:
— Спадар Алесь, пэўна, у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Мінска ўжо ведаюць такую пазіцыю нашага ўрада (і «такое ж меркаванне» Міністэрства юстыцыі) і борздзенька пераклалі тыпавы штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на беларускую мову! А калі яшчэ не пераклалі, то хай шыбуюць у Слонім, да мясцовых спецыялістаў. Так больш надзейна! Штамп, перакладзены ў Слоніме, дакладна будзе мець такую ж юрыдычную моц, як і рускамоўны арыгінал… .
Без аніякай іроніі адзначаю, што пісьмо А. Церахава сапраўды і цікавае і аптымістычнае, бо раней было па-іншаму:
– яшчэ зусім нядаўна (5 лістапада 2018 года) слонімскія камунальнікі на поўным сур’ёзе сказалі мне, што могуць падаць на мяне ў суд за адмову падпісаць рускамоўную тыпавую дамову, праўда, агаварыліся, што, хутчэй за ўсё, не будуць рабіць гэтага, маўляў, вы, Міхась Адамавіч, і без дамовы добрасумленны плацельшчык.
– і заўжды было па-іншаму. Неяк гамяльчанін Сяргей Сямёнаў на беларуска-ўкраінскай мяжы адмовіўся запоўніць рускамоўную дэкларацыю. Нават не зусім адмовіўся. Гэты Сямёнаў пагаджаўся запоўніць рускамоўную дэкларацыю праз перакладчыка. Але, замест дэкларацыі на роднай мове ці перакладчыка, атрымаў позву ў суд і штраф у памеры 30 базавых велічыняў.
І вось цяпер замест суда і штрафа – беларускамоўны штамп табе ў пашпарт, і беларускамоўную дамову ў рукі, здранцвелыя ад такога раптоўнага шчасця!
Хочацца верыць міністру Церахаву, што пытанне з беларускамоўнымі бланкамі тыпавых дамоваў вырашаецца так проста і лёгка! Але! Ёсць пытанні, адказаў на якія ў пісьме няма.
Ажно 27 студзеня 2009 года ўрад Сяргея Сідорскага пастановай № 99 зацвердзіў на рускай мове тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі! Але ў пісьме Церахава не сказана, чаму ўрад і па сягоння не зацвердзіў беларускамоўныя бланкі тыпавых дамоваў, хоць, відавочна, гэта прасцей і лягчэй, чым даваць «філалагічныя» даручэнні мясцовым прадпрыемствам ЖКГ. Хай, урад не зацвердзіў! А чаму само міністэрства тады ж, у 2009 годзе, не пераклала тыпавыя дамовы на беларускую мову і не даслала іх кожнаму прадпрыемству ЖКГ Беларусі з тлумачэннем, што гэтыя дамовы «маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджаныя на рускай мове пастановай № 99»? Чаму толькі ў лютым 2019 года, праз 10 год і 1 месяц пасля зацвярджэння ўрадам бланкаў тыпавых дамоваў, слонімскі дырэктар ЖКГ Алег Конан даведаўся, што мае права і мусіць саматужна перакладаць на беларускую мову гэтыя дамовы і забяспечваць імі сваіх кліентаў, спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг?
Сваё пісьмо міністр ЖКГ скончыў фразай: «Мінжылкамгасам падрыхтаваны змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”, якімі прадугледжана магчымасць спажыўцом самастойна выбраць, на якой мове заключаць дагавор».
Добра! Названыя змяненні мо і зробяцца нормай закона… некалі, потым… .
Галоўнае, калі верыць папярэднім фразам з пісьма Церахава, ужо цяпер кожны спажывец жыллёва-камунальных паслуг нашай краіны мае магчымасць выбраць, якія тыпавыя дамовы яму падпісваць – альбо на рускай мове, зацверджаныя пастановай № 99, альбо на беларускай, у перакладзе мясцовага прадпрыемства ЖКГ!
На жаль, А. Церахаў не раскрыў механізм рэалізацыі вышэйназванага выбару. Мо спажыўцу Брагінскага раёна (там я нарадзіўся і вырас), які хоча падпісаць тыпавыя дамовы на беларускай мове, давядзецца паўтарыць мой шлях – напісаць кіраўніку дзяржавы, каб ён прапанаваў Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасці Канстытуцыі пастановы № 99, потым месяцамі перапісвацца з урадам, каб урэшце Мінжылкамгас дало даручэнне брагінскаму прадпрыемству ЖКГ саматужна перакласці гэтыя дамовы на беларускую мову?
Зазначу, у 2017-ым годзе жыхар Баранавічаў Сяргей Гоўша таксама дабіўся падпісання саматужных дамоваў на беларускай мове. Але і па сягоння ў Баранавічах, як і ў Слоніме і ва ўсёй Беларусі, прадпрыемства ЖКГ не сустракае спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг пытаннем: «Вам бланк якой дамовы? Тыпавой па-руску ці саматужнай па-беларуску?»
Аднак жа, рэагуючы на звароты, урад Беларусі пісьмом А.Церахава нібыта дэкларуе надыход світання. А ці развіднее?
Я, Міхась Варанец, упэўнены, – развіднее! Развіднее дзякуючы намаганням кожнага з нас. Хтосьці, хто мае час і дастатковыя юрыдычныя веды, пісьмова запатрабуе ад урада ці міністэрства адмяніць пастанову, якая дыскрэдытуе беларускую мову, хтосьці ў якасці аргумента спашлецца на пісьмо Церахава, хтосьці проста не дазволіць паставіць у свой пашпарт рускамоўны штамп альбо адмовіцца падпісаць рускамоўную дамову.
Разам нас багата! Разам мы прымусім і ўрад, і міністэрствы забяспечыць нам магчымасць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права карыстацца роднай мовай!